Грамадскія актывісты ў Магілёве нагадалі землякам аб справе знікнення Завадскага


Раніцай 7 ліпеня ў Магілёве на абвестачных тумбах і рэкламных шчытах можна было ўбачыць прыкметна аформленыя ўлёткі, прысвечаныя 6-ай гадавіне знікнення тэлеаператара Першага расійскага тэлеканала Дзмітрыя Завадскага.

Раніцай 7 ліпеня ў Магілёве на абвестачных тумбах і рэкламных шчытах можна было ўбачыць прыкметна аформленыя ўлёткі, прысвечаныя 6-ай гадавіне знікнення тэлеаператара Першага расійскага тэлеканала Дзмітрыя Завадскага. Іх вырабілі напярэдадні і размясцілі тут у купальскую ноч актывісты маладзёжных дэмакратычных арганізацый, якія прымалі ўдзел у пратэстных сакавіцкіх падзеях у сталіцы і ў рэгіёне. Улётка ўтрымлівае напамін аб тым, што злачынцы, якія скралі тэлеаператара, не знойдзены і не пакараны. На аркушы фармату А-4 падаецца таксама вытрымка з распаўсюджанай напярэдадні заявы БАЖ з нагоды 6-ай гадавіны гвалтоўнага знікнення свайго сябры і калегі. У прыватнасці, ва ўлётцы падаецца цытата, дзе гаворыцца аб тым, што ад імя больш як тысячы сваіх сяброў БАЖ патрабуе ад уладаў правесці ў поўным аб'ёме расследаванне ўсіх абставін знікнення журналіста Дзмітрыя Завадскага і не супакоіцца да таго часу, пакуль гэта не будзе зроблена. Увечары таго ж дня, 7 ліпеня, некалькі магілёўскіх сяброў БАЖ успомнілі аб Дзмітрыі Завадскім падчас кароткай сяброўскай вечарыны. Яны ўзнялі таксама і памінальны тост па дачасна памерлай Святлане Багачовай.

Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"