На мінулым тыдні ў Мінску адбыўся майстар-клас дырэктаркі Цэнтру экстрэмальнай журналістыкі Вольгі Краўцовай на тэму «Журналісты і праца з псіхалагічнымі траўмамі».

На сустрэчу з эксперткай, якая з’яўляецца каардынатарам Цэнтру «Дарт» па журналістыцы і траўмах у Расіі, з’ехаліся нашы калегі з розных рэгіёнаў Беларусі.
Цягам двух дзён удзельнікі майстар-класу вывучалі асаблівасці ўздзеяння стрэсавых сітуацый на чалавека, спецыфіку працы журналістаў у экстрэмальных умовах і паспяховыя стратэгіі ў барацьбе са стрэсам.
Галоўная выснова сустрэчы — працаваць з ахвярамі надзвычайных здарэнняў, злачынстваў і катастроф цяжка, але неабходна. Галоўнае — не забывацца на прафесійную журналісцкую этыку, памятаць пра неабходнасць карэктных паводзінаў з траўмаванымі асобамі і адчуваць адказнасць за тое, каб аднойчы пацярпелыя людзі не перажылі яшчэ колькі непрыемных гадзінаў з-за непрафесійнай працы журналістаў.
Вольга Краўцова дала беларускім журналістам шэраг парадаў па падрыхтоўцы інтэрв’ю, якія спатрэбяцца і рэпарцёрам, якія выязджаюць на месца надзвычаных здарэнняў, і тым, хто піша крымінальную хроніку з судовых залаў, і тым, хто сутыкаецца з горам не толькі ў прафесійным, але і ў асабістым жыцці.
Вось некалькі парадаў тым, хто ідзе па інтэрв’ю да пацярпелых:
— Праяўляйце павагу да пацярпелых. Усталюйце з імі зрокавы кантакт, але не будзьце занадта настойлівымі.
— Выкажыце пацярпелым свае спачуванні. І зрабіце гэта шчыра.
— Дакладна назавіце сваё імя і прафесію. Пакіньце свае кантакты. Адкажыце на ўсе пытанні, якія могуць узнікнуць.
— Будзьце ўважлівымі да дэталяў.
— Не давайце абяцанняў, калі не ўпэўненыя, што зможаце іх выканаць.
— Прадастаўце суразмоўцу кантраляваць інтэрв’ю (Дзе вы хочаце, каб мы сустрэліся? Ці хочаце, каб нехта прысутнічаў?). Дамоўцеся наконт жэсту, якім можна спыніць размову.
— Паспрабуйце атрымаць усе траўмуючыя ахвяру факты ў нейтральных асобаў.
— Вырашыце, ці будзеце ідэнтыфікаваць асобу суразмоўца.
— Задавайце адкрытыя кароткія пытанні (пазбягайце пытанняў «Чаму?»).
— Не «выціскайце слязу» і не націскайце на эмоцыі. Але ў той жа час не бойцеся ані слёз, ані перапынкаў у размове.
— Не параўноўвайце (ваш вопыт з вопытам ахвяры).
— І зноўку не параўноўвайце (тое, што адбылося, з патэнцыйна горшым магчымым).
— Слухайце актыўна.
— Будзьце гатовымі спыніцца і нават адмовіцца ад інтэрв’ю.