Мінюст лічыць, што СМІ часта адыгрываюць негатыўную ролю ў прававой адукацыі насельніцтва


"Практыка паказвае, што пры рашэнні задач прававой адукацыі насельніцтва СМІ могуць адыгрываць (і адыгрываюць) не толькі станоўчую, але і негатыўную ролю", - так гаворыцца ў афіцыйным лісце з Міністэрства юстыцыі, які БАЖ* атрымаў у канцы мінулага тыдня.

"Практыка паказвае, што пры рашэнні задач прававой адукацыі насельніцтва СМІ могуць адыгрываць (і адыгрываюць) не толькі станоўчую, але і негатыўную ролю", - так гаворыцца ў афіцыйным лісце з Міністэрства юстыцыі, які БАЖ атрымаў у канцы мінулага тыдня. Дасланы Мінюстам ліст стаў адказам на запыт арганізацыі адносна новай інструкцыі міністэрства, якая рэгламентуе парадак прадастаўлення СМІ інфармацыі пра дзейнасць судоў.

Неабходнасць прыняцця гэтай інструкцыі Мінюст тлумачыць тым, што "нярэдка СМІ робяць паспешлівыя каментары дзеянняў органаў юстыцыі, выказваюць юрыдычна няправільныя ацэнкі дзейнасці судоў". Мінюст падкрэслівае, што дакумент рэгулюе не прадак асвятлення ў СМІ дзейнасці судоў, а толькі парадак прадастаўлення ім інфармацыі. Міністэрства таксама лічыць неабходным звярнуць увагу БАЖ на два прыклады "неправамоцнага апублікавання фактаў" аб прысудах, што не набылі законнай сілы. (Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў адным з выпадкаў "праштрафілася" газета Мінгарвыканкама "Минский курьер", а ў другім - "Вечерний Минск"; абедзьве - у студзені 2006 г.)

Нагадаем: у адпаведнасці з інструкцыяй Мінюсту аб парадку прадастаўлення інфармацыі пра дзейнасць агульных судоў РБ для асвятлення ў СМІ (ад 07.04.2006), суддзя мае права забараніць паказваць сябе на тэлебачанні і публікаваць свае фотаздымкі "у мэтах забеспячэння сваёй бяспекі і прадухілення магчымага ўмяшальніцтва ў вырашэнне судовых справаў"; у любы момант спыніць фота- і відэаздымкі судовага працэсу, "калі гэта перашкаджае ажыццяўленню судавытворчасці" і г.д. Суды абавязаныя "ў выпадках устанаўлення фактаў ціску на суд з боку сродкаў масавай інфармацыі альбо спробаў іх здзяйснення" адразу ж інфармаваць пра гэта Міністэрства юстыцыі.

У канцы траўня БАЖ накіраваў міністру юстыцыі В. Галаванаву ліст з просьбай растлумачыць некаторыя палажэнні згаданага дакумента. У прыватнасці, БАЖ указваў на ўведзеныя абмежаванні, якіх не прадугледжваюць закон аб друку, а таксама крымінальны, крымінальна-працэсуальны і гаспадарча-працэсуальны кодэксы.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"