Прыватнага прадпрымальніка аштрафавалі за наяўнасць у яго гандлёвым пункце аднаго асобніка "Народнай волі"
Суд Горацкага раёна пакараў штрафам у 600 тысяч рублёў прыватнага прадпрымальніка Дзям'яна Франкоўскага, - паведаміла 9 чэрвеня Радыё "Свабода". Падчас праверкі яго гандлёвага пункту падатковая інспекцыя знайшла не аформлены згодна з заканадаўствам адзін асобнік газеты "Народная Воля" і склала акт парушэння правілаў гандлю друкаванай прадукцыяй. Паводле Д. Франкоўскага, інспектары пакінулі без увагі тое, што "Народная воля" на той момант яшчэ распаўсюджвалася бясплатна.
"Справа ў тым, што па ўсёй краіне змянілі парадак падаткаабкладання, і атрымліваецца, што газеты прадаюцца па адных правілах, а, напрыклад, кнігі і паштоўкі - па іншых, - патлумачыў прэс-службе БАЖ магілёўскі журналіст Эдуард Брокараў. - Гэта прыкладна тое ж самае, калі б продаж штаноў на рынку абкладаўся адным падаткам, а продаж кашуляў - іншым". Сп. Брокараў лічыць, што гэтыя захады мелі на мэце задушыць ініцыятыву прыватных распаўсюднікаў, якія гандлююць недзяржаўнай грамадска-палітычнай перыёдыкай. "У Горках гэта дало відавочны плён: з 5 распаўсюднікаў, якія працавалі яшчэ паўгады таму, зараз засталіся 2", - кажа Э. Брокараў.
Даведка БАЖ: Указам А. Лукашэнкі ад 18 чэрвеня г.г. №285 "Аб некаторых захадах па рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці" былі зменены ўмовы рознічнага гандлю друкаванымі выданнямі. Паводле гэтага дакумента, прадпрымальнікі, якія прадаюць газеты і часопісы, абавязаныя плаціць не адзіны, "спрошчаны", падатак, а перайсці на звычайнае падаткаабкладанне. Указ уступіў у сілу з 1 жніўня 2005 г. і істотна ўскладніў умовы дзейнасці прадпрымальнікаў, якія займаюцца рэалізацыяй газет і часопісаў: замест 10-30 еўра адзінага падатку ім цяпер трэба плаціць падаходны падатак і яшчэ цэлы шэраг падаткаў і збораў, устаноўленых заканадаўствам, і афармляць значна больш папераў.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"