П. Марцаў: "Відавочна, прэзідэнт насамрэч не поўнасцю інфармаваны…"


"Выбары прайшлі, мы іх не чапалі, а сёння, відаць, фінансаванне іх скончылася"

"Выбары прайшлі, мы іх не чапалі, а сёння, відаць, фінансаванне іх скончылася", - так пракаментаваў А. Лукашэнка 23 траўня на сустрэчы с дэпутатамі інфармацыю аб прыпыненні выпуску некаторых недзяржаўных газет (у прыватнасці "БДГ. Деловая газета"). Пра гэта паведаміла агенцтва "Інтэрфакс". Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ўсе апазіцыйныя газеты "займаліся поўнай фальсіфікацыяй фактаў і тэндэнцыйнасцю".

Прэзідэнт выказаў гатовасць дэтальна разабрацца ў сітуацыі, якая склалася з выхадам і распаўсюдам шэрагу недзяржаўных СМІ, таму што ён "не ведаў, што гэтыя газеты не выходзяць". "Але, наколькі мяне праінфармавалі па "БДГ", то там гаспадар сам прыняў рашэнне не выпускаць газету. Я ўдзячны гэтаму гаспадару, які прыняў такое рашэнне", - сказаў А.Лукашэнка.
Дэпутат Вольга Абрамава, якая задала кіраўніку дзяржавы пытанне на гэтую тэму, выказала меркаванне, што ён не поўнасцю інфармаваны аб сітуацыі з незалежнымі СМІ ў Беларусі.

Каментуючы гэтыя выказванні прэс-службе БАЖ, галоўны рэдактар "БДГ. Деловая газета" Пётр Марцаў адзначыў: "Відаць, прэзідэнт і насамрэч не поўнасцю інфармаваны: у прыватнасці, пра тое, што нашу газету пазбавілі магчымасці друкавацца і распаўсюджвацца ў Беларусі. А калі ў яе няма такой магчымасці, то, адпаведна, у яе проста няма грошай, каб існаваць. Так што рашэнне пра наша прыпыненне выклікана зусім не тым, што нехта перастаў некага фінансаваць…"

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"