МУС Беларусі прызнала "Intex-press" лепшай
Калектыў незалежнай газеты "Intex-press" (г. Баранавічы) стаў лаурэатам рэспубліканскага творчага конкурсу, які ладзіцца Міністэрствам унутраных спраў РБ. За актыўную інфармацыйную палітыку выдання, накіраваную на прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў, газету прызналі лепшай у намінацыі "За шчыльнае і плённае супрацоўніцтва". Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбылася 29 траўня ў Мінску.
Больш за сто работ у 11 намінацыях было прадстаўлена на конкурс, абвешчаны МУС Беларусі. Званні лаўрэатаў таксама атрымалі баранавіцкія журналісты з Тэлекампаніі "Інтэкс" у намінацыі "За аператыўнасць і аб'ектыўнасць", а "Лепшым карпунктам" стала прэс-служба Баранавіцкага ГАУС.
"Разам з рэспубліканскімі сродкамі масавай інфармацыі высокі ўзровень і прафесіяналізм паказалі творчыя калектывы сродкаў масавай інфармацыі Баранавічаў", - адзначыў у сваім выступленні на цырымоніі ўзнагароджання начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, падпалкоўнік міліцыі Віталь Грынкевіч, уручаючы дыплом і арыгінальны кубак карэспандэнтцы "Intex-press", вядучай рубрыкі "Крымінальны лабірынт" Вользе Юруць.
Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"