Напярэдадні "Чарнобыльскага шляху" затрымалі двух бабруйскіх журналістаў
Паводле папярэдняй інфармацыі, затрымання журналістаў у Мінску пад час правядзення "Чарнобыльскага шляху-2006" 26 красавіка не было. Між тым, БАЖ стала вядома пра затрыманне ў Бабруйску напярэдадні гэтай даты двух журналістаў недзяржаўнай газеты "Бобруйский курьер". Іх звінавачваюць у парушэнні арт. 156 КоАП і сёння будуць судзіць.
Як распавёў прэс-службе БАЖ выдавец рэдактар "Бобруйского курьера" Анатоль Санаценка, пазаштатных карэспандэнтаў выдання Мікіту Быцэнку і Юрыя Светлакова спынілі на вуліцы 25 сакавіка супрацоўнікі Ленінскага раённага аддзялення міліцыі Бабруйску. Праверыўшы ў іх дакументы, міліцыянты спачатку адпусцілі журналістаў, але потым, атрымаўшы нейкія ўказанні па мабільным тэлефоне, затрымалі іх і адвезлі ў гарадскі ізалятар часовага ўтрымання. М. Быцэнка і Ю. Светлакоў прабылі за кратамі з вечара 25 красавіка да 13.00 26 красавіка, калі іх адпусцілі на волю да вечаровых судовых слуханняў. У судзе 26 красавіка высветлілася, што журналістаў звінавачваюць у адміністратыўным правапарушэнні: нецэнзурнай лаянцы насуперак заўвагам ахоўнікаў парадку. Ані М. Быцэнка, ані Ю. Светлакоў не прызнаюць сваёй віны. Паколькі ў суд не з'явіліся сведкі з боку абвінавачання, слуханні перанеслі на 27 красавіка. Чакаецца, што сёння будзе вынесены прысуд па іх справе.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"