Лявон Вольскі выступае супраць уключэння музыкаў у спісы "неўязных"
Свабода выказвання
21 красавіка беларускі рок-музыка Лявон Вольскі даслаў у беларускія СМІ свой адкрыты зварот да сябраў грамадскай ініцыятывы, што займаецца складаннем спісаў "неўязных" у Еўропу асобаў, у якім заклікаў не ўключаць у гэты ліст прозвішчаў беларускіх спевакоў. Прыводзім тэкст гэтага звароту цалкам:
"Шаноўнае спадарства!
Я хачу зьвярнуцца да чальцоў грамадзкай ініцыятывы, якія складаюць сьпісы "неўязных" у Эўропу.
Мне малазнаёмыя прозьвішчы шмат каго з гэтае "неўязное" кампаніі. Я ніколі зь імі не кантактаваў, і ня вельмі хочацца. Хаця сярод іх, напэўна ж, ёсьць таямнічыя "байцы нябачнага фронту", якія паўплывалі на цяперашнюю сытуацыю з канцэртамі незалежных музыкаў у нашай краіне.
Дык вось. Не паўтарайце чужых памылак. Не кранайце, калі ласка, таварышаў Смолаву, Ярмоленку і іншых афіцыйных сьпевакоў. Ну, сьпявалі (зрэшты, не сьпявалі, усё было пад фанаграму) яны на агітацыйных канцэртах, ну, давалі інтэрвію пра адданасьць уладзе… А што ім было рабіць? Гэтыя людзі - на дзяржслужбе. Яны працуюць у тэатрах эстрады, дзяржаўных аркестрах, іншых нейкіх установах. Адмовіцца ад канцэрту - значыцца, падпісаць сабе як артысту вырок тут, у Беларусі. Зь мяйцовае зоркі ты робісься чорнай дзіркай. Ці жоўтым карлікам. А дзе ім яшчэ працаваць? У якой краіне? Толькі тут ёсьць шанец.
Не кранайце іх. Ну, артысты, ну, прыдворныя, хто ж кранае артыстаў! Кранайце ідэёлягаў, начальнікаў… У нашых эстраднікаў папросту не было выбару. Вось раптам усё зьменіцца, і ў іх зноў ня будзе выбару - яны будуць на баку дзяржавы, якой бы яна ні была. Гэта спэцыфіка работы.
Таму я прашу Вас адклікаць прозьвішчы сьпевакоў і сьпявачак з Вашага "неўязнога" сьпісу. Удзел у агітацыйных канцэртах - гэта не злачынства, гэта іхная бяда. Яны прымусілі сябе паверыць (ня ўсе, натуральна, лепшыя, найбольш таленавітыя й шчырыя зь іх, астатнія папросту цынічна займаюцца кар'ерай) што працуюць у імя лепшае будучыні, міру, стабільнасьці і дабрабыту народу, за Беларусь. Толькі што гэта за Беларусь - безь беларускае мовы, з гісторыяй, што пачынаецца з Другой Сусьветнай вайны, бяз Быкава і Барадуліна… Зрэшты, гэта ім не растлумачыш, ня варта й пачынаць.
Яшчэ раз прашу, шаноўнае спадарства, тыя, хто складае сьпісы "неўязных" людзей: не прыпадабняйцеся дзяржаўным ідэёлягам, якія ў адзін момант "разабраліся" з айчыннай незалежнай музыкай! Нашыя пап-выканаўцы - як спартоўцы, як жаўнеры - што ім загадаюць, тое і зробяць, тое і скажуць. Ня варта караць жаўнераў, карайце афіцэраў і генэралаў.
Калі Вас не пераканала ўсё вышэйсказанае, скажам гэтак: Сьвет ня ведае нічога пра нашых "майстроў эстрады". Пасьля Вашых забаронаў даведаецца. Вам гэта трэба? :)
Лявон Вольскі, незалежны беларускі музыка