Павел Шарамет вярнуўся ў Маскву
Кіраўнік аддзелу спецпраектаў расійскага "Первого канала" Павел Шарамет вярнуўся ў Маскву. (Ён прыязджаў у Мінск на аўтамабілі, і выехаў у Расію яшчэ 27 сакавіка). 28 сакавіка прэс-служба БАЖ звязалася з ім па тэлефоне і папрасіла абагульніць свае ўражанні ад убачанага і перажытага ў Мінску.
"Надзеі на аслабленне і лібералізацыю беларускага рэжыму не апраўдаліся", - зазначыў П. Шарамет. "Нават наадварот: пацвердзіліся самыя песімістычныя прагнозы адносна пашырэння маштабаў рэпрэсій. Гэта абуральна. Па дзеяннях беларускіх уладаў бачна, што больш за ўсіх здзекваліся з грузінаў. Менш - з украінцаў. Што ж тычыцца расійскіх грамадзян - іх стараліся дэманстратыўна караць, каб гэта было "паказальным" папярэджаннем для іншых расіянаў, якія будуць выказваць салідарнасць з беларускай апазіцыяй...
У мяне дваістае адчуванне: з аднаго боку, я бачу сур'ёзныя падставы казаць пра змены настрояў у грамадстве, бачу, што яно гатовае да хуткіх пераменаў. З іншага боку - улада ўжывае ўсё больш жорсткія захады барацьбы з іншадумаствам: турма, дубінка засталіся яе асноўнымі аргументамі...
Што акажацца мацней - праўда альбо грубая сіла? Думаю, мы ўбачым гэта даволі скора...", - лічыць П. Шарамет.
Напярэдадні журналіст у інтэрв'ю БелаПАН выказаў меркаванне, што вырашальную ролю ў яго вызваленні адыгралі генеральны дырэктар тэлеканалу Канстанцін Эрнст, які неаднаразова звязваўся з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі, а таксама салідарнасць калег-журналістаў. Журналіст заявіў, што скардзіцца на дзеянні праваахоўных органаў ён не збіраецца, бо лічыць гэта бессэнсоўным.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"