А.Пісальніка, які выйшаў на волю пасля 5 сутак арышту, затрымалі паўторна. Івану Роману пагражалі пісталетам
Сёння раніцай пасля 5 сутак адміністратыўнага арышту (нібыта за дробнае хуліганства) выйшаў на волю гродзенскі журналіст (рэдактар газеты "Glos znad Niemna na uchodzstwie") Анжэй Пісальнік. Сёння ж яго затрымалі на пл. Леніна ў Гродне, куды ён скіраваўся, каб асвятляць прызначаную на 16.00 вулічную акцыю.
Паводле папярэдняй інфармацыі, А. Пісальнік цяпер знаходзіцца ў РАУС Ленінскага раёна Гродна. Аднак супрацоўнікі РАУС гэта пакуль адмаўляюць. Па словах журналістаў, немагчымасць высветліць месцазнаходжанне затрыманых стала ўжо звычайнай практыкай.
Гэтак, напрацягу выходных дзён ні калегі, ні блізкія не маглі высветліць месцазнаходжання Івана Романа, пазаштатнага карэспандэнта газеты "Салідарнасць" і актывіста прафсаюзу РЭПАМ. Яго затрымалі ў суботу ў Мінску, і да сёння ніхто не ведаў, што з ім адбылося. І. Роман патэлефанаваў у панядзелак раніцай і распавёў калегам, што ўвесь гэты час быў у Лідзе. Ён паведаміў, што ў суботу яго да вечара пратрымалі ў Першамайскім РАУС Мінска. З яго словаў, да яго была прыстаўленая ахова, і перыядычна да яго падыходзіў невядомы чалавек у цывільным, які прыстаўляў да яго галавы пісталет і пагражаў. Каля 20.00 яго перавезлі ў міліцэйскай машыне ў Мінска ў Ліду і змясцілі ў спецізалятар. 20 сакавіка судзілі і далі штраф памерам 2 базавыя велічыні нібыта за нецэнзурную лаянку.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"