БАЖ прэзентаваў пяты бюлетэнь па медыя-маніторынгу


17 сакавіка ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" прэзентавала пяты па ліку бюлетэнь ў межах медыя-маніторынгу "Асвятленне прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. у беларускіх медыях" (перыяд з 6 па 15 сакавіка).

17 сакавіка ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" прэзентавала пяты па ліку бюлетэнь ў межах медыя-маніторынгу "Асвятленне прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. у беларускіх медыях" (перыяд з 6 па 15 сакавіка). Вынікі чарговага этапу працы прэзентаваў сябра Рады БАЖ Алесь Анціпенка.

Сярод галоўных высноваў, зробленых маніторцамі:
- Як і на папярэдніх этапах маніторынгу, дзяржаўныя электронныя і друкаваныя СМІ адкрыта працавалі на карысць толькі аднаго кандыдата. А тэндэнцыя ігнаравання альтэрнатыўных кандыдатаў была яшчэ больш заўважнай.
- Датычна А. Лукашэнкі і альтэрнатыўных кандыдатаў тыя ж самыя медыя выбудавалі розныя і сэнсава супрацьлеглыя сінанімічныя шэрагі. Першы шэраг: "суверэнная Беларусь" - "дзяржава для народа і чалавека" - "спакой і стабільнасць" - "дабрабыт" - "правільны шлях" - "ясная перспектыва" -"добрая энергія" - Прэзідэнт А. Лукашэнка. Другі сінанімічны шэраг (у выпадку, калі да ўлады прыйдзе апазіцыя): "распрададзеная краіна" - "дзяржава для некаторых" - "хаос" - "беспрацоўе і беднасць" - "падманутыя надзеі выбаршчыкаў" - "нягоднікі" А. Мілінкевіч ці А. Казулін, у залежнасці ад кантэксту.
- У асвятленні дзейнасці кандыдатаў і іх праграм яны працягвалі ігнараваць прынцып роўных магчымасцяў.
- Хаця на беларускім тэлебачанні і з'явіліся "ролікі", якія маюць на мэце нагадаць выбаршчыкам пра важную дату ў палітычным жыцці краіны (яны завяршаюцца застаўкай "19 марта - выборы Президента Республики Беларусь"), паводле свайго зместу яны ўяўляюць з сябе ілюстрацыі паспяховасці папярэдняй палітыкі Прэзідэнта А. Лукашэнкі і, у прыватнасці, такіх тэзісаў яго праграмы як "стабільнасць", "дабрабыт народу", "надзейная абарона мірнага жыцця беларусаў" і г.д.

Гэтыя ды іншыя вынікі больш падрабязна раскрываюцца ў справаздачы, якую можна знайсці на сайце БАЖ на беларускай, рускай, а таксама англійскай мовах. Беларуская і рускай версіі знаходзяцца ТУТ.

Англамоўную версію можна знайсці ТУТ: "Choice-2006"

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"