А.Кароль: "Якой бы слабой не падавалася нам самім незалежная прэса, - улада гэта ацэньвае па-іншаму…"
"Згода" стала трэцім па ліку выданнем, закрытым па зыску Міністэрства інфармацыі (раней - Дзяржкамдруку) за апошнія 10 гадоў. Першай у гэтым шэрагу была газета "Свабода" (лістапад 1996 г.); другой - "Пагоня" (лістапад 2001 г.).
"Суд настолькі спяшаўся закрыць газету "Згода", што не даў ёй нават часу на абскарджанне другога папярэджання", - адзначыў галоўны рэдактар выдання А. Кароль, каментуючы сённяшняе рашэнне Вышэйшага гаспадарчага суда спыніць дзейнасць газеты.
Прыпыненне выдання яшчэ да суда А. Кароль назваў "прэвентыўным захадам за ўчынак, які яшчэ не здзейснены". "Якімі б малымі не былі наклады недзяржаўнай прэсы, якой бы слабой яна не падавалася нам самім, - улада гэта ацэньвае па-іншаму", - робіць выснову А Кароль. "Гэта адпавядае логіцы ўмацавання аўтарытарных рэжымаў, якія ўспрымаюць любое вольнае слова як вялікую небяспеку", - рэзюмаваў рэдактар "Згоды".
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"