"Народная воля" заключыла дамову з іншай друкарняй
Рэдакцыя "Народнай волі" (з якой, па словах дырэктара Смаленскага паліграфічнага камбіната, была скасаваная дамова на друк), 13 сакавіка здолела заключыць дамову з іншай друкарняй у Смаленску. Пра гэта паведаміў ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" галоўны рэдактар выдання Іосіф Сярэдзіч, які ў гэты час суправаджае ў Беларусь наклад двух надрукаваных там здвоеных нумароў "Народнай волі" (№№44-45 і №№46-47). Па стане на 14.00 наклад знаходзіўся на беларускім баку памежнага пункту на беларуска-расійскай мяжы.
Аўторкавы нумар "БДГ. Деловая газета" не быў надрукаваны з прычыны адсутнасці перадаплаты за яго. Пра гэта паведаміла БАЖ намеснік генеральнага дырэктара УП "Марат" Любоў Вашкевіч. Па яе словах, рэдакцыя дагэтуль не атрымала афіцыйнага пацверджання таго, што Смаленскі паліграфічны камбінат скасаваў з ёй дамову. Яна падкрэсліла таксама, што, паводле дамовы, калі яе жадае скасаваць адзін з бакоў, ён абавязаны папярэдзіць другі бок аб сваім намеры за 14 дзён.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"