А.Улевіч: "Дзеянні міліцыі не паддаюцца логіцы..."


Карэспандэнт "Камсамолкі" Алег Улевіч узгадвае, што яго пачалі біць якраз тады, калі ён прад'явіў міліцыі журналісцкае пасведчанне. "Не паддаюцца логіцы дзеянні міліцыі, якая наносіла ўдары, што пакідалі настолькі відавочныя пашкоджанні", - лічыць журналіст. Гэткімі разважаннямі ён падзяліўся з сябрамі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", якія наведалі яго ў 9-м шпіталі 6 сакавіка.

Журналіст "КП в Белоруссии" будзе знаходзіцца ў лякарні яшчэ некалькі дзён, пасля чаго працягне лекавацца амбулаторна. Яго дыягназ гучыць як "закрытая чэрапна-мазгавая траўма і пералом касцей носа".

Як піша "КП" у сённяшнім нумары, 4 сакавіка ў інтэрв'ю расійскаму "Первому каналу" міністр унутраных спраў Беларусі, адказваючы на пытанне, хто ж ударыў Алега Улевіча, заявіў літаральна наступнае: "Он и сам не отрицает, что он залез на какой-то забор, в результате чего его с забора стягивали...(…) Но когда журналист сам голову в петлю сунет, то тут мы гарантировать не можем…" Сам журналіст патлумачыў, што падымаўся на агароджу, каб сфатаграфаваць блізкіх А. Казуліна, а таксама лекараў, якіх да яго прапусцілі. "Потым я злез з агароджы. Нічога не адбывалася. Я проста стаяў. У гэты момант з Кастрычніцкага РУУС выйшлі людзі ў цывільным і міліцыя. Міліцыя ачапіла тых, хто стаяў каля будынку. Я ў кальцо на патрапіў. Стаяў і здымаў. Людзей у гэты час хапалі і вялі ў аўтобус. Потым убачылі мяне. Запіхалі ў кальцо. Я дастаў пасведчанне. На слове "прэса" атрымаў першы ўдар у твар...", - узгадвае Алег.
"Міністр кажа пра тое, што журналіст сам сунуў галаву ў пятлю, і ў гэтай сітуацыі праваахоўныя органы нічога гарантаваць не могуць. Але ўжо калі пятля - гэта публічнае месца каля ўваходу ў міліцэйскі будынак, дык што тады адбываецца ў нас у краіне ў цёмных дварах...?" , - задае рытарычнае пытанне "Комсомольская правда в Белоруссии".

(Цалкам матэрыял "Милиция обвинила в избиении журналиста забор" можна прачытаць у рубрыцы "СМІ пра СМІ")

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"