ЦВК размеркаваў эфірны час для кандыдатаў у прэзідэнты


Ужо 21 і 22 лютага адбудуцца першыя тэлевыступы зарэгістраваных кандыдатаў у прэзідэнты. 17 лютага пасля працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Цэнтрвыбаркам размеркаваў чарговасць прадастаўлення ім эфірнага часу. Паводле Выбарчага кодэксу, кожны кандыдат атрымае па два 30-хвілінных выступы па Першым нацыянальным тэлеканале і Першым канале беларускага радыё.

Паводле вынікаў жараб'ёўкі, Сяргей Гайдукевіч выступіць па тэлебачанні 21 лютага з 18.00 да 18.30 і 1 сакавіка - з 18.30 да 19.00, а па радыё - 24 лютага з 8.00 да 8.30 і 3 сакавіка з 8.30 да 9.00.

Аляксандр Казулін выступіць на тэлебачанні 22 лютага з 18.30 да 19.00 і 2 сакавіка з 18.00 да 18.30, а на радыё - 27 лютага з 8.00 да 8.30 і 6 сакавіка з 8.30 да 9.00.

Аляксандр Лукашэнка будзе прамаўляць па тэлебачанні 21 лютага з 18.30 да 19.00 і 1 сакавіка з 18.00 да 19.00, а па радыё - 24 лютага з 8.30 да 9.00 і 3 сакавіка з 8.00 да 8.30.

Аляксандр Мілінкевіч атрымае тэлеэфір 22 лютага з 18.00 да 18.30 і 2 сакавіка з 18.30 да 19.00, а радыёэфір - 27 лютага з 8.30 да 9.00 і 6 сакавіка з 8.00 да 8.30.

Кіраўнікі ініцыятыўных груп А. Мілінкевіча і А. Казуліна прапанавалі трансляваць тэлевыступы ў жывым эфіры, аднак старшыня ЦВК заявіла, што гэта не прадугледжана выбарчым заканадаўствам, і зняла гэтае пытанне з парадку дня.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"