Намеснік Генеральнага пракурора выказаўся па справах Чаркасавай і Гроднікава


Пракуратура, "хутчэй за ўсё, яшчэ раз пераправерыць" довады брата журналіста Васіля Гроднікава - Мікалая Гроднева, які сумняецца, што яго родзіч памёр негвалтоўна. Пра гэта заявіў на паседжанні калегіі рэспубліканскай пракуратуры намеснік Генеральнага пракурора Віктар Прус, - піша 17 лютага газета "Рэспубліка". Паводле сп-ра Пруса, яго таксама непакоіць тое, што забойцы журналісткі Веранікі Чаркасавай дагэтуль не прыцягнутыя да адказнасці. Аднак ён катэгарычна адмаўляе сувязь паміж гэтай справай і затрыманнем яе сына Антона і заяўляе, што "ўмешвацца ў ход расследавання, аказваць ціск на следства нікому не дазваляецца". (Цалкам артыкул "Дела наших дней. Уголовные" чытайце ў рубрыцы "СМІ пра СМІ").

Віктара Пруса непакоіць, што дагэтуль не прыцягнутыя да адказнасці забойцы Веранікі Чаркасавай, - піша "Рэспубліка". Намеснік пракурора заявіў, што "ні на хвіліну не забывае пра адказнасць, якая кладзецца ў гэтай сувязі на работнікаў праваахоўных органаў і на яго персанальна". "- У Інтэрнэце ў апошні час... мусіруецца такая версія. Маўляў, сына загінулай журналісткі Антона Філімонава затрымалі для таго, каб затым абвесціць яго забойцам сваёй маці. Але дазвольце, Антон утрымліваецца пад вартай зусім з іншай нагоды: па артыкуле 221 Крымінальнага кодэксу (выраб, захоўванне альбо збыт падробленых грошай альбо каштоўных папераў). Злачынства, якое яму закідаюць, належыць да катэгорыі цяжкіх, і следчы ў дадзеным выпадку вызначае, адпускаць хлопца пад падпіску пра нявыезд альбо працягваць утрымліваць пад вартай. Я разумею пачуцці і стан бабулі і дзядулі Антона, але ўмешвацца ў ход расследавання, аказваць ціск на следства нікому не дазволена", - заявіў В. Прус.

Што да смерці пазаштатнага карэспандэнта "Народнай Волі" Васіля Гроднікава, "Рэспубліка" піша наступнае: "Следчы Мінскай міжрайпракуратуры прыйшоў да высновы, што смерць магла надысці ад падзення немаладога мужчыны з вышыні свайго росту. У снежні сабраныя матэрыялы праверыла рэспубліканская пракуратура і таксама не знайшла ніякіх дадзеных, што пазаштатны карэспандэнт стаў ахвярай іншых асобаў". "- Тым не менш брат памерлага сумняецца ў гэтым. Да нас паступіла яго заява на гэты конт. Таму мы, хутчэй за ўсё, яшчэ раз пераправерым яго довады", - заявіў В. Прус.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"