Сталічныя паштовыя аддзяленні мусяць "аднавіць наклад" "Советской Белоруссии"
Адразу некалькі беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў апублікавалі копію дакумента, які ў чарговы раз пацвердзіў ужыванне адміністратыўнага рэсурсу пад час падпісной кампаніі на дзяржаўныя СМІ. З гэтага ж дакумента вынікае, што падпісны наклад "Советской Белоруссии" ў параўнанні з мінулым годам знізіўся.
Гаворка ідзе пра ліст ад выканаўцы абавязкаў начальніка вытворчасці "Мінская пошта" сп-ні Пугач, адрасаваны начальнікам паштовых аддзяленняў Мінска, з прадпісаннем працягнуць падпіску на газету Адміністрацыі прэзідэнта "Советская Белоруссия" да 10 студзеня "ў сувязі з тым, што не адноўленыя наклады да ўзроўню 01.01.2005 г.". Кожнаму паштоваму аддзяленню прадпісана таксама "дадаткова аформіць падпіску на газету "Советская Белоруссия" ў сярэднім на 50 асобнікаў". "У выпадку невыканання гэтага распараджэння газета "Советская Белоруссия" будзе накіроўвацца ў аддзяленне паштовай сувязі для поўнай рэалізацыі раздробна", - гаворыцца ў лісце, датаваным 4-м студзеня г.г.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"