Улады могуць узмацніць абарону інфармацыйнай прасторы, а заадно і кантроль над СМІ


Пакуль не падобна, каб беларускія ўлады рэальна асэнсавалі ўсю небяспеку прапаганды, асабліва з боку расійскіх СМІ, і пачалі рабіць адэкватныя захады. Ды і іншыя праблемы ў медыясферы ўлады вырашаць не гатовыя.

Пакуль нейлепш у іх атрымліваецца пераследаваць недзяржаўныя медыя, якія транслююць альтэрнатыўную інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі.  

Пра неабходнасці рэфармаваць беларускае заканадаўства, якое рэгулюе медыясферу, даўно ўжо гавораць незалежныя беларускія і міжнародныя эксперты.

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) накіроўвала ў Палату прадстаўнікоў свае прапановы на гэты конт. Але там адказалі, што патрэбы ў зменах не бачаць (што не перашкодзіла дэпутатам у канцы 2014 года прыняць папраўкі ў закон аб СМІ, якія робяць больш жорсткімі рэгуляванне інтэрнэту).

Яшчэ адзін пакет прапаноў нядаўна падрыхтавала група экспертаў, якая працавала ў рамках праекта «Рэфорум» пад эгідай зарэгістраванага ў Вільні Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS). Тут упор зроблены менавіта на інфармацыйную бяспеку, і гэта дае пэўную надзею, што ўлады скарыстаюцца хаця б часткай рэкамендацый.

Старшыня ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец падкрэслівае, што асноўнымі праблемамі беларускай медыясферы з'яўляюцца жорсткае заканадаўства аб СМІ, якое “не адпавядае ніякім дэмакратычным стандартам”, і яго яшчэ больш жорсткае прымяненне.

Акрамя таго, кажа кіраўнік ГА "БАЖ", Міністэрства інфармацыі мае «велізарныя адміністрацыйныя паўнамоцтвы» і валодае правам у пазасудовым парадку ужываць санкцыі да рэдакцый, блакаваць інтэрнэт-рэсурсы і забараняць дзейнасць распаўсюднікаў прадукцыі СМІ.

У сваю чаргу, медыяаналітык Паўлюк Быкоўскі падкрэслівае, што частка праблем беларускай медыясферы звязана з эканамічнай сітуацыяй, а частка – з дзяржавай як рэгулятарам гэтай сферы.

ЧЫТАЦЬ МАТЭРЫЯЛ ТАЦЦЯНЫ КАРАВЯНКОВАЙ ЦАЛКАМ