Ад жаўцізны да пагрозы трэцяй сусветнай. Выклікі сучасным СМІ
Ці можа выйграць медыякантэнт у "коцікаў" і як змагацца з медыяфрэніяй? Інфармацыйная эпоха ды геапалітычныя падзеі на прасторы краін былога СССР падкідваюць журналістам пытанні, на якія не заўсёды ёсць адназначны адказ.
Сёння СМІ і медыя ў цэлым перажываюць эпоху рэвалюцыйных пераменаў. Сучасныя тэхналогіі ствараюць новыя ўмовы і правілы для медыяструктур, якім даводзіцца шукаць падыходы і змяняць метады працы. Што адбываецца з якаснай журналістыкай у лічбавую эпоху і якую ролю ў працэсах пераўтварэння адыгрываюць сацыяльныя медыя? Што адбываецца з журналістыкай, СМІ і дэмакратыяй? Гэты воз пытанняў быў пастаўлены перад удзельнікамі міжнароднай канферэнцыі “Якасць журналістыкі ў лічбавую эпоху”, што гэтымі днямі адбываецца ў горадзе Алматы (Казахстан).
Газета ўсё яшчэ аўтарытэт
“Уся журналістыка цяпер можа рабіцца з дапамогай смартфона”, – адзначае Дэвід Ісаксон, заснавальнік і кіраўнік арганізацыі Global Reporting, ініцыятар праекта Blank Spot Project, кажучы пра змены ў медыйнай прасторы.
Дэвід Ісаксон апелюе да разумення пераменаў, якія нясе лічбавая прастора. Напрыклад, у Швецыі больш за 50% інфармацыі медыяаўдыторыя атрымлівае праз мабільныя прыстасаванні. Адпаведна, варта ўлічваць, што інфармацыю трэба пастаўляць у фармаце, які дазволіць карыстальнікам атрымаць яе з дапамогай мабільнікаў.
Журналісты ўжо часта не паспяваюць за зменамі ў фарматах стварэння і дастаўкі да спажыўца медыяпрадукту.
“Цяпер мы можам працаваць над стандартамі этыкі, каб ведаць, што такое незалежная журналістыка. Бо тое, што цяпер адбываецца, ёсць спробай атрымаць давер аўдыторыі. І нягледзячы на розныя меркаванні, газета мае большы давер, чым які-небудзь блогер (а іх часта называюць канкурэнтамі СМІ). Бо ніхто не ведае, хто мог аплаціць працу таго блогера. А вось непрафесіяналы бываюць добрымі ў нараджэнні ды развіцці новых ідэй, бо буйныя СМІ часта непаваротлівыя ў гэтым сэнсе”, – гаворыць Дэвід Ісаксон .
Эксперт назваў тэндэнцыі, характэрныя для сённяшняга дня:
- Свет становіцца складаным для разумення;
- Традыцыйная журналістыка ў крызісе;
- Сродкі для асвятлення міжнародных падзей скарачаюцца, і рэдакцыі часта не могуць дазволіць сабе ўласнага карэспандэнта ў пэўнай кропцы зямлі;
- З’явілася дыстанцыя паміж аўдыторыяй і СМІ, што выклікае непаразуменні з абодвух бакоў.
Жоўты ды непісьменны
Прадстаўнікі Беларусі, Арменіі, Расіі, Казахстана, Таджыкістана падзяліліся праблемамі і выклікамі, з якімі сутыкаюцца журналісты ды рэдакцыі ў іх краінах. Варта сказаць, што агульных праблем для згаданых краін даволі многа, нягледзячы на рознасць унутраных і знешніх умоў і традыцый.
Для сучасных СМІ постсавецкай прасторы характэрна скатванне да жаўцізны ў гонцы за трафікам, што, натуральна, адбіваецца на якасці прадукта.
Аляксандр Класкоўскі, кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, медыяэксперт, сцісла апісаў выклікі, што стаяць перад беларускімі журналістамі трыма словамі: прапаганда, самацэнзура, копіпэйст.
Базавымі ўмовамі для трансфармацыі медыяпрасторы Беларусі ёсць змена палітычнай і эканамічнай рамкі (больш дэмакратыі і рынку). Гэта паўплывае на якасныя перамены аўдыторыі, бо пачне фармавацца сярэдні клас, з’явяцца свядомыя грамадзяне, якія будуць патрабаваць ад медыя сацыяльнай адказнасці, аб’ектыўнасці і г. д. Дэманапалізацыя СМІ і стварэнне агульнага канкурэнтнага асяроддзя таксама даўно наспелі ў нашай дзяржаве.
Прадстаўнікі Арменіі паскардзіліся на любоў журналістаў да “жоўтых” матэрыялаў. Разам з тым, яны прывялі доказы папулярнасці сацыяльных медыя, дзякуючы якім, напрыклад, на канцэрт спевака за пару гадзін удалося сабраць блізу 10 тысяч гледачоў. І гэта без далучэння традыцыйных СМІ, рэкламных агенцый.
“У нас мала ўласных карэспандэнтаў за мяжой, амаль уся інфармацыя адтуль паступае праз расійскія ці англамоўныя СМІ. Улады Арменіі акружаныя сілавікамі і праслойкай медыя, якія апраўдваюць гвалт. Усе сродкі, фінансавыя рэсурсы манапалізаваныя. Нават рэкламны рынак часта працуе ў спецыфічным кірунку – прадугледжвае не проста прамоўцыю нейкага вытворцы, паслугі, тавару, але і ачарненне канкурэнта”, – распавёў армянскі журналіст Гегам Варданян.
Медыяфрэнія
Але найбольшую ўвагу прыцягнула тэма прапаганды дзяржаўных расійскіх медыя.
“На ўсходзе Украіны ліецца кроў, Салаўёў не сыходзіць з экрана. Я палічыў аднойчы: 19 гадзін эфіру было ў гэтага чалавека за тыдзень. Тое, што транслюецца ў Расіі цяпер, я называю медыяфрэніяй”, – распачаў свой выступ расійскі журналіст і публіцыст Ігар Якавенка.
Сп. Якавенка лічыць, што вядомы канструкт Салжаніцына пра гвалт і хлусню ў татлітарным грамадстве выглядае цяпер наадварот.
“Новы таталітарызм Пуціна – гэта гвалт, які прыкрывае хлусню (класічны таталітарызм наадвварот). Узровень хлусні іншы: яна стала ўсеабдымная, пранікае паўсюль. А расійскі тэлевізар ёсць месцам, дзе прадукуюць псеўдалідэраў лідэраў грамадмкай думкі. Салаўёў, Кісялёў і іншыя прызначаюць вядучых сацыёлагаў, пісьменнікаў, палітолагаў і гэтак далей. І такімі людзьмі лягчэй кіраваць, калі іх надязляюць фальшывай папулярнасцю, значнасцю. Цяпер мы назіраем куды меншы супраціў экспертнага поля, чым быў нават у часы СССР. Сёння расійская акадэмія навук спакойна чакае, калі пасадзяць гісторыка Піваварава. Ідзе гульня на паніжэнне, і гэта разбуральны для грамадства працэс”, – падкрэслівае Ігар Якавенка.
Журналіст прапануе радыкальныя крокі барацьбы з гэтай навалай. Магчыма, яны пададуцца на першы погляд нават фантазійнымі, але сам факт стварэння такога дыскурсу можа спыніць некаторых асобаў ад падзення да нізоў прапаганды.
Медыяфрэнію, па версіі Якавенкі, можа перамагчы міжнародны грамадскі трыбунал па фактах распальвання нянавісці і арганізацыі вайны з дапамогай медыя, блакіроўка каналаў нянавісці вайны, стварэнне інфармацыйнай альтэрнатывы для рускамоўнага свету.
“Справа пахне трэцяй сусветнай і апошняй. Гэта не жарты”, – рэзюмуе Ігар Якавенка.
Суарганізатарамі канферэнцыі з’яўляюцца інстытут павышэння кваліфікацыі журналістаў FOJO (Швецыя), ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, Інтэрньюс-Казахстан.