«Адкрытая лятучка». Серыя афлайн-сустрэчаў са знакавымі беларускімі медыя


Першая сустрэча  –  з рэдакцыяй часопіса «Большой» – адбудзецца 7 мая а 19-й гадзіне (вул. Кастрычніцкая, 16). Уваход вольны.

34mag пры інфармацыйнай падтрымцы «Прэс-клуба Беларусь» анансуе праект «Адкрытая лятучка» – серыю афлайн-сустрэчаў з рэдакцыямі знакавых беларускіх медыя. Івэнты будуць праходзіць кожны чацвер мая ў прасторы «ЦЭХ». Пра сваю ўнутраную кухню табе распавядуць «Большой», KYKY.org, «Беларуская Трыбуна» і CityDog.by.

Гэтая серыя мітапаў ад 34mag.net у першую чаргу накіравана на маладых журналістаў, фатографаў, ілюстратараў і ўсіх тых, хто шукае сябе ў полі беларускіх медыя. А таксама – на адданых чытачоў, прыхільнікаў і партнёраў.

Рэдакцыі шчыра распавядуць пра канцэпцыю і стратэгію, свой набор тэмаў і татэмаў, падкажуць, якіх людзей яны шукаюць у каманду, а якім лепей пра іх нават і не думаць. Галоўныя рэдактары і стваральнікі выданняў раскажуць, як уладкавана праца рэдакцыі знутры, з якімі касякамі часцей за ўсё даводзіцца сустракацца і як іх перамагаць.

«Большой» – самы грунтоўны мясцовы штомесячнік, «гарадскі часопіс», адборную і прафесійную каманду якога ўзначальваюць першы easy rider беларускай журналістыкі Зміцер Навіцкі і шэф-рэдактарка Яўгенія Сугак. Глыбокія інтэрв’ю, падарожныя нататкі, унікальныя спецпраекты і выдатная калекцыя калумністаў. Нядаўна перазапусцілі ўласную інтэрнэт-версію.