На сходзе ў Віцебску вылучылі дэлегатаў на з'езд ГА “БАЖ” (ФОТА)


Сход віцебскіх БАЖаўцаў прайшоў 25 лютага. Дэлегатамі на з'езд вылучылі Алену Сцяпанаву, Веру Сцепанішчаву і Паўла Левінава.

У віцебскай суполцы – 26 сябраў арганізацыі, прычым не толькі з абласнога цэнтра, але і з бліжэйшых населеных пунктаў – Бешанковічаў, Гарадка, Шуміліна.

Ад мінскага офіса на сустрэчы прысутнічалі старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна і намесніца старшыні Аліна Суравец.

На сходзе абмяркоўваліся ідэі культурніцкіх і адукацыйных імпрэзаў мясцовага ўзроўню – ад супольных фотасесій да прэс-тураў па рэгіёне. Узгадалі ўдзельнікі сходу і пра важныя падзеі ў жыцці ўсёй арганізацыі – у прыватнасці, пра прызначаны на красавік з'езд і пра 20-годдзе ГА "БАЖ".

Шмат гаварылі пра наступствы прыняцця паправак у закон “Аб СМІ”, пра верагоднасць блакіроўкі незалежных сайтаў, а таксама пра ціск на журналістаў за фотасесію “з птушкамі і клеткамі”.

Пасля сходу адбылася прэзентацыя кнігі Георгія Станкевіча “Зорны воз”. Спадар Станкевіч – даўні сябра ГА "БАЖ", які жыве ў Бешанковіцкім раёне, працуе настаўнікам нямецкай мовы, выдае газету “Крывінка”, за што некалькі разоў быў абвінавачаны ў “незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукацыі СМІ”. Цяпер ён з'яўляецца яшчэ і заснавальнікам незалежнага сайта beshankovichy.by.

Нягледзячы на вялікую загружанасць працоўнымі і грамадскімі справамі, штодзённымі клопатамі па гаспадарцы (спадар Станкевіч трымае 3 каровы), у яго стае часу і натхнення пісаць лірычныя і шчырыя вершы і песні, займацца перакладамі з розных моваў і выступаць перад слухачамі. Зборнік “Зорны воз” – ужо чацвёртая кніга аўтара. А спевы Георгія Станкевіча маюць поспех на ўсіх ягоных выступах.