Алена Танкачова: 21 лютага я павінна пакінуць тэрыторыю Беларусі з немагчымасцю вяртацца на працягу трох гадоў
Судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда 19 лютага адмовіла ў задавальненні касацыйнай скаргі праваабаронцы Алены Танкачовай на рашэнне аб яе высылцы з Беларусі.
Гэта быў апошні этап абскарджання, які дазваляў Танкачовай заставацца ў краіне. Да 21 лютага яна павінна пакінуць Беларусь.
Танкачова: "Сёння было абвешчанае рашэнне касацыйнай інстанцыі. Уласна кажучы, рашэнне аб высылцы судовай працэдурай разгляду пакінутае ў сіле. Гэта значыць, што 21 лютага, у суботу, я павінна пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з немагчымасцю вяртацца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на працягу трох гадоў. Я выканаю гэтае прадпісанне.
Я юрыст, я праваабаронца. Архівы, якія збіраюцца ў судовай сістэме, у гістарычных архівах, яны павінны быць з часам праілюстраваныя рэальнымі дакументамі аб тым, што адбывалася на самой справе. Я думаю, што гэта частка працы на гістарычнай сатысфакцыі і напісанні гістарычных працэсаў.
Я не збіраюся пакуль жыць у Расіі. Я павінна выехаць у Расійскую Федэрацыю. Я гэта зраблю. Я павінна гэта зрабіць для таго, каб аформіць агульнаграмадзянскі расійскі пашпарт. У мяне яго проста ніколі не было. Датуль, пакуль я не аформлю агульнаграмадзянскі расійскі пашпарт, я абмежаваная ў магчымасцях, таму што ў мяне няма прававых дакументаў пасля пазбаўлення мяне права на жыхарства. Аформлю дакументы, гэта зойме два — два з паловай месяцы, і далей пераеду, з высокай ступенню верагоднасці, у Вільнюс і працягну працу.
Я вельмі прывязаная да дому, да сям'і. З суботы пачну паволі адвыкаць".