«Скарбонка» нешараговых інцыдэнтаў з журналістамі ў Мінску папоўнілася (+ВІДЭА)


12 лютага ўкраінскі «17 канал» размясціў на Youtube відэа інцыдэнту з удзелам супрацоўніцы тэлеканала «Россия 24» Вольгі Скабеевай на мінскай сустрэчы ў “нармандскім фармаце”. Супрацоўнік службы аховы абхапіў яе і прыціснуў тварам да свайго пляча, пакуль украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка пакідаў будынак Палаца Незалежнасці.

Расійскія журналісты палічылі, што гэта зрабіла ахова ўкраінскага лідара. Хаця ў каментарах пад відэа на Youtube многія гледачы выказвалі здагадкі, што гэта супрацоўнікі беларускага КДБ, якія забяспечвалі ахову будынка.   

Вольга Скабеева разам з іншымі калегамі знаходзілася з мікрафонам у руках каля выхаду з будынка, куды скіроўваўся ўкраінскі лідар Пётр Парашэнка, развітаўшыся з Аляксандрам Лукашэнкам, і яўна збіралася задаць яму пытанне.

Нагадаем, што яшчэ перад пачаткам мінскай сустрэчы з удзелам лідараў Украіны, Расіі, Германіі і Францыі супрацоўнік тэлеканала «Россия» Павел Зарубін выгукнуў на адрас Пятра Парашэнкі правакацыйнае пытанне. Калі Парашэнка ішоў вітацца з Лукашэнкам, супрацоўнік расійскага тэлеканала крыкнуў: “Спадар Парашэнка, навошта вашы войскі бамбяць мірных жыхароў?” Ахова вывела Паўла Зарубіна з залы, але пасля ён змог вярнуцца да працы, – паведамляюць СМІ.

Канфлікт паміж расійскім і ўкраінскімі журналістамі адбыўся 11 лютага. Журналістка ўкраінскага тэлеканала “1+1” Вольга Кашаленка бачыла жывы “стэндап” супрацоўніка расійскага тэлеканала “LifeNews” Аляксандра Юнашава, і тэкст падаўся ёй перадузятым у дачыненні да ўкраінскіх калег. Пасля яна звярнула на гэта ўвагу Аляксандра Юнашава, у адказ на што ён гучна загаўкаў на яе. Відэазапіс таксама быў размешчаны на Youtube.

Разам з тым, былі і прыклады спакойных канструктыўных дачыненняў паміж украінскімі і расійскімі калегамі. Напрыклад, журналістка таго ж украінскага «17 канала» Вольга Волкава апытала некалькіх расійскіх калег на тэму «Ці ёсць віна журналістаў у вайне на ўсходзе Украіны?».