Лукашэнка: Міліцыі не варта было чапаць салідарных з "Charlie Hebdo"
29 студзеня ў часе прэс-канферэнцыі прэзідэнт Беларусі загадаў міністру ўнутраных спраў разабрацца з канкрэтным выпадкам і не прыцягваць да адказнасці ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з журналістамі "Charlie Hebdo" у Мінску.
На апошніх хвілінах прэсавай канферэнцыі сябра Праўлення ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, журналістка “Бі-Бі-Сі” Таццяна Мельнічук спыталася ў Лукашэнкі пра затрыманні некалькіх чалавек, якія выходзілі да французскай амбасады і помніка Тарасу Шаўчэнку. Па яе словах, такія затрыманні выглядаюць абсурдна і дрэнныя для іміджу моцнай улады.
Нагадаем, што 11 студзеня да французскай амбасады ў Мінску выходзілі Анатоль Лябедзька, Паўлюк Канавальчык і яшчэ два актывісты на знак салідарнасці з расстралянымі журналістамі з часопіса “Charlie Hebdo”. На трох удзельнікаў акцыі міліцыяй былі складзеныя пратаколы і перададзеныя ў суд.
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што цалкам згодны з меркаваннем журналісткі. Ён заявіў, што міліцыі не варта было чапаць гэтых людзей, і даручыў разабрацца кіраўніку МУС. Міністр паспрабаваў сказаць, што сілавыя органы нікога не баяцца. Але Лукашэнка спыніў яго і сказаў разабрацца з канкрэтным выпадкам, "каб надалей такога не было".
Нагадаем, што акцыя салідарнасці з “Charlie Hebdo” прайшла ў адзін дзень з падобнай ініцыятывай у многіх гарадах свету. У Парыжы удзел у такой акцыі ўзяў нават амбасадар Беларусі Павел Латушка.
7 студзеня пры нападзе на сатырычную газету “Charlie Hebdo” ў Парыжы былі забітыя 12 чалавек. Гэты тэракт выклікаў па ўсім свеце цэлую хвалю акцый салідарнасці з народам Францыі і журналістамі выдання.