Ці спытаюць Лукашэнку пра блакаванне сайтаў і кнігарню “Логвінаў”?


У чацвер кіраўнік дзяржавы правядзе традыцыйную прэс-канферэнцыю для беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі. Як паведамляе БелТА, удзельнічаць у ёй будуць больш за 260 журналістаў.

Да апошняга не было вядома, дзе і калі?

Па традыцыі сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэсай да самых апошніх дзён была ахутаная таямніцай. Адметнасцю падобных сустрэч з’яўляецца тое, што пра падрыхтоўку да іх звычайна загадзя нікому адкрыта не паведамляецца. У рэдакцыі пэўных выданняў за некалькі дзён да прэс-канферэнцыі тэлефануюць з Міністэрства інфармацыі ці МЗС і прапануюць падаць заяўку на ўдзел. Умовы акрэдытацыі нідзе публічна не аб’яўляюцца і не публікуюцца.

Магчыма, такі парадак “акрэдытацыі” дазваляе застрахавацца ад прысутнасці непажаданых выданняў. Праўда, часам узнікаюць і кур’ёзныя сітуацыі. Да прыкладу, як распавёў калегам карэспандэнт “Еўрарадыё” Зміцер Лукашук, за паўтара дні да прэс-канферэнцыі яго акрэдытавалі на мерапрыемства, нават не запытваючы пра планы.

Да таго ж, толькі ў аўторак у сярэдзіне дня журналістам паведамілі, што прэс-канферэнцыя пройдзе не ў Нацыянальнай бібліятэцы, як раней, а ў Палацы незалежнасці на праспекце Пераможцаў, і распачнецца аб 11-й гадзіне.

Дворец Независимости в Минске

“Грандыёзная падзея”

Разам з абвяшчэннем месца і часу прэс-канферэнцыю і яе “выключнае значэнне для краіны” пачалі масава рэкламаваць усе дзяржаўныя СМІ. Тэлеканал “Беларусь 1”, да прыкладу, абвясціў, што “ў Палацы незалежнасці адбудзецца гранічна адкрыты дыялог прэзідэнта з журналістамі з усяго свету”.

“І яшчэ адна асаблівасць падобных сустрэч – ніводнае пытанне журналістаў не абыходзіцца аднаскладовым адказам”, – дадаў тэлеканал “СТВ”. Зрэшты, афіцыйныя медыі прызнаюць, што не кожны з журналістаў зможа задаць пытанне – гэта проста фізічна немагчыма, бо прэс-канферэнцыі і так цягнуцца гадзін па пяць.

Пра што спытаюць Лукашэнку?

Многія дзяржаўныя і недзяржаўныя выданні пачалі збіраць на сваіх старонках магчымыя пытанні да Аляксандра Лукашэнкі. Дзяржаўнае інфармагенцтва “БелТА” апытала на гэты конт рэдактараў рэгіянальных СМІ.

Напрыклад, галоўны рэдактар рагачоўскай газеты “Свабоднае слова” Андрэй Шышкін “чакае поўнага і аб’ектыўнага аналізу міжнароднай сітуацыі”, “асабліва ў святле падзеяў ва Украіне”, а таксама спадзяецца, што кіраўнік дзяржавы “агучыць асноўныя арыенціры для руху наперад усім сферам, а таксама СМІ, якія ў цяперашні час перажываюць этап абнаўлення”.

Рэдактарцы раёнкі “Добрушскі край” Вользе Селязнёвай “хацелася б пачуць ад Прэзідэнта пацвярджэнне таго, што міралюбівы курс, якога заўсёды прытрымлівалася ў сусветнай палітыкі Беларусь, будзе захаваны і ў будучым”. 

Рэдактар шклоўскай раённай газеты “Ударны фронт” Павел Савельеў узняў бы “тэму развіцця эканомікі Беларусі ва ўмовах дынамічнага зменлівага свету”.

Рэдактарка КУП “Лідскае тэлерадыёаб’яднанне” Ніна Пазняк упэўненая, што “пачуе ад Аляксандра Рыгоравіча больш, чым нават чакае”...

“Радыё Свабода”, “Наша Ніва”, “Комсомольская правда в Беларуси”, "TUT.BY" і іншыя недзяржаўныя медыі прапанавалі сваім чытачам сфармуляваць пытанні  Лукашэнку.

Сярод агульных эмацыйных накшталт “як краіну давёў да такога стану?” і “калі скончыцца гэты маразм?” ёсць і больш канкрэтныя: “Якім павінен быць наступны прэзідэнт Беларусі?; “Як стасуецца з абяцаннямі пазбегнуць дэвальвацыі рэальны стан беларускага рубля?”; “Якая пенсія ў Галіны Радзівонаўны?”; “Ці не пара вызваліць палітычных вязняў у небяспечны гістарычны момант?”; “Хто зараз верагодны працiўнiк Беларусі паводле абноўленай абарончай дактрыны?”; “Што рабіць ваеннаабавязанаму беларусу, калі войска сяброўскай дзяржавы перасячэ ўсходнюю мяжу без абвяшчэння вайны?” і іншыя.

Як задаваць пытанні кіраўніку дзяржавы?

Нягледзячы на вялікую колькасць магчымых вострых пытанняў да прэзідэнта,  істотны адрэзак часу яго прэс-канферэнцый па традыцыі забіраюць разважанні на тэму інтэграцыі з Расіяй і неабходнасці ўзмацнення нацыянальнай бяспекі.

Па-сапраўднаму вострыя пытанні, як правіла, адважваюцца задаць Лукашэнку журналісты незалежных грамадска-палітычных выданняў. Але на прэс-канферэнцыі іх звычайна прысутнічае дзясятак-другі, а вялізная чарга істотна зніжае шанцы прабіцца да мікрафона.

Напярэдадні прэс-канферэнцыі “Радыё Свабода” ўзгадала самыя вострыя пытанні, зададзеныя Лукашэнку незалежнымі журналістамі. Сярод іх –наяўнасць палітвязняў, змены ў Канстытуцыю, прэзідэнцкі “Майбах” і некаторыя іншыя, што прымусілі кіраўніка дзяржавы выйсці з “зоны камфорту”. Хоць, як прызнаюцца самі журналісты, вострыя пытанні Лукашэнку – гэта, хутчэй, спосаб агучыць пэўныя праблемы, чым спадзеў на канкрэтны адказ. 

У свой час цэлы матэрыял “Як задаваць пытанні Лукашэнку?” напісаў Аляксандр Класкоўскі.

– Лукашэнка выкарыстоўвае сваю ўлюбёную тактыку палемічнага пінг-понга. Ён раз-пораз перабівае журналістаў, спрабуючы збіць з тропу, збянтэжыць, змусіць гуляць у сваю гульню. І вельмі часта ў гэтым дабіваўся выніку. Вельмі важна не быць злоўленым на гэтую вуду, – падкрэслівае медыяэксперт.

Ігар Логвінаў

Ці запытаюць у Лукашэнкі пра заблакаваныя сайты, арышт Аляксандра Алесіна і справу кнігарні “Логвінаў”?

Безумоўна, для журналісцкай супольнасці галоўным пытаннем 2015 года сталі прынятыя ў атмасферы сакрэтнасці папраўкі ў закон “Аб СМІ” ды масавае блакаванне недзяржаўных сайтаў, адказнасці за якое на сябе так ніхто і не ўзяў.

Таксама сярод вострых пытанняў па-ранейшаму застаюцца праблемы доступу да інфармацыі, пераслед журналістаў-фрылансераў, праблемы недзяржаўнай кнігарні “Логвінаў”, ціск на удзельнікаў акцыі салідарнасці з журналістамі "Charlie Hebdo" і арышт вайсковага аналітыка і журналіста Аляксандра Алесіна.

Ці знойдзецца час на гэтыя пытанні? Пра гэта даведаемся ўжо сёння аб 11 гадзіне. Прэс-канферэнцыя будзе транслявацца ў жывым эфіры дзяржаўнага радыё.

У публікацыі выкарыстаныя фотаздымкі ej.by, ctv.by, svaboda.org, nn.by.