Старшыня Камісіі па этыцы БАЖ: Варта выдаць кнігу з апісаннем нашай практыкі
У расійскай «Настольнай кнізе па медыйным самарэгуляванні» за 2013-2014 г.г. ёсць раздзел, прысвечаны Беларусі. Зборнік падрыхтаваны Грамадскай калегіяй па скаргах на прэсу пры Саюзе журналістаў Расіі – аналагам нашай Камісіі па этыцы.
Аўтар «беларускага» раздзелу – старшыня Камісіі па этыцы ГА «БАЖ» Анатоль Гуляеў – кажа, што практыку выдання матэрыялаў Камісіі па этыцы варта было б укараніць і ў нас:
– Саюз журналістаў Расіі (СЖР) выдае такія кнігі ўжо не першы год. Там сабраныя практычна ўсе матэрыялы пасяджэнняў Калегіі па скаргах СЖР. Яна складаецца аж з дзвюх палат, і працэдура разгляду значна ўскладнена ў параўнанні з нашай, іх пастановы праходзяць юрыдычную экспертызу... А нас 7 чалавек, і мы разглядаем скаргі на падставе ўласнага досведу і разумення Кодэкса этыкі і Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі. Але, тым не менш, наш досвед падаўся кіраўніцтву СЖР цікавым, і мне прапанавалі распавесці пра нашу практыку самарэгулявання, пра асноўныя праблемы, якія ўзнікаюць. І гэта – добрая нагода падумаць і пашукаць магчымасць па выніках года (магчыма, наступнага) выдаць кнігу з апісаннем усёй нашай практыкі, усіх пастановаў. Гэта ўсё ж такі вучоба. Я заўважаю, што нашы пастановы абмяркоўваюцца: адныя - "за", іншыя - "супраць"... Але ўсё гэта ўплывае на свядомасць, вядзе да разумення неабходнасці прытрымлівацца пэўных стандартаў.
У мінскім офісе ГА «БАЖ» знаходзіцца асобнік кнігі, з якім усе зацікаўленыя ў тэме журналісцкай этыкі калегі могуць азнаёміцца.