Сябра ГА “БАЖ” Алеся Дзянісава і журналіста “Новага часу” Ігара Мельнікава затрымлівалі ў Заслаўі
Увечары 8 лістапада пад Заслаўем былі затрыманыя ўдзельнікі здымкаў новага кліпа гродзенскага гурта “Dzieciuki”, у тым ліку сябра ГА “БАЖ” з Гродна, музыка і журналіст Алесь Дзянісаў, а таксама супрацоўнік газеты “Новы час”, гісторык Ігар Мельнікаў. Усіх адпусцілі праз тры гадзіны.
У часе здымкаў кліпа (Фота novychas.info)
Пра затрыманне прэс-службе ГА “БАЖ” паведаміў каля 18.00 Алесь Дзянісаў. На той момант іх без тлумачэнняў загрузілі ў аўтазак і везлі ў невядомым накірунку – як потым высветлілася, у Заслаўскае РУУС.
“Міліцыянтаў збянтэжыў знешні выгляд музыкантаў — ваенныя строі часоў грамадзянскай вайны, тачанка і і бел-чырвона-белыя сцягі ў якасці рэквізіту. Затрымалі на той падставе, што аніякіх дазваляльных папераў музыкі не мелі. Яны палічылі здымкі несанкцыянаваным мерапрыемствам”, – паведаміў пазней сайт “Новага часу”.
Асноўную частку затрыманых – 17 чалавек – адпусцілі каля 21.00. Аператара кліпа Антона Цялежнікава трымалі на паўгадзіны больш, бо ён назваўся галоўным арганізатарам здымкаў. Адзняты ім матэрыял міліцыя забрала на 10 дзён “для высвятлення зместу”, – паведаміў музычны партал tuzin.fm.