Жыхары Крычава дагэтуль не ведаюць прычын абвалу школы
Месяц таму, 29 жніўня, абваліўся будынак гімназіі ў Крычаве. У ім навучалася больш за 500 дзяцей, якіх размеркавалі па розных школах. На шчасце, у час аварыі абышлося без чалавечых ахвяраў.
Зараз вядзецца следства, але жыхары горада дагэтуль яшчэ не ведаюць дакладнай інфармацыі пра прычыны здарэння. Па словах кампетэнтных людзей, якія валодаюць інфармацыяй, галоўная адказнасць за здарэнне ляжыць на мясцовых уладах.
Падобная трагедыя некалькі год таму адбылася ў Магілёўскай вобласці ў Краснапольскай школе. Там пад абрушэннямі загінулі дзеці. А ўлады ніякіх высноваў з гэтага так і не зрабілі.
- Звярталі ўвагу раней і бацькі, што былі расколіны ў будынку гэтай гімназіі. Аднак камісіі, якія прымалі да 1 верасня рашэнне па гэтай гімназіі, сказалі, што стан яе здавальняючы. У выніку гэта прывяло да аварыі, калі абваліўся і актавы зал, і сталоўка.
- Зручней вырашыць праблему ў самым пачатку, як толькі яе пабачылі. Упусцілі і другі момант: калі гэта цякло гадамі і кіраўніцтва школы звярталася ў раённы аддзел народнай адукацыі, а ён – у вышэйшыя інстанцыі, каб далі на рамонт грошай, то адказ быў адзін: “Грошай няма”. Год няма, два, тры, дзесяць… Ёсць недахопы будаўнічага характару, калі клалі пліты апоры: павінна было быць 15 см апоры, а тут – толькі 5 см. Цагліны выпадалі са сцяны, бо не было раствору, а быў пясок.
- Вядома, як заўсёды, вінаватага ў нас не знайшлі, а спісалі ўсё на нешчаслівы выпадак. Але ж гэта можа ў іншым месцы ў кожны момант прарваць.
Па словах людзей, Бог спас крычаўлян ад ахвяраў. Але ў Крычаве яшчэ шмат старых, неадрамантаваных будынкаў, на якія мясцовая ўлада не звяртае ўвагу. Асноўная прычына – недахоп грошай на рамонт, як апраўдваюцца ўлады.