Жанна Літвіна сустрэнецца з генеральным сакратаром Савета Еўропы
Дэлегацыя беларускіх няўрадавых арганізацый знаходзіцца ў Страсбургу на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.
Асноўнай тэмай восеньскай сесіі ПАСЕ з’яўляецца вайсковы канфлікт ва Украіне і шляхі яго развязання. Разам з тым увага парламентарыяў будзе скіраваная і на стан правоў чалавека ў іншых краінах Еўропы.
У прыватнасці, на сесію запрошана дэлегацыя з Беларусі, у складзе якой –старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Жанна Літвіна, старшыня РПГА “Беларускі хельскінкскі камітэт” Алег Гулак, намеснік старшыні закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч і іншыя.
Сёння сябры дэлегацыі сустрэнуцца з кіраўніком Дырэкцыі па палітычных пытаннях сакратарыята ПАСЕ Аляксандрам Гесселем (Alexander Guessel), камісарам Савета Еўропы па правах чалавека Нілам Муйжніексам (Nils Muižnieks), а таксама генеральным сакратаром Савета Еўропы Турб’ёрнам Ягландам (Thorbjorn Jagland).
На ўсіх сустрэчах размова пойдзе пра стан выканання правоў чалавека ў Беларусі і развіццё грамадзянскай супольнасці.