Новая справа за працу без акрэдытацыі – суд над журналістам 2 лістапада



Сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з Гродна Андрэй Мялешка атрымаў адпаведныя дакументы з суда Гродзенскай вобласці.

У лісце, за подпісам старшыні суда паведамляецца, што справа супраць Андрэя Мялешкі па артыкуле 22.9 ч.2 Адміністрацыйнага кодэкса (парушэнне парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ) накіроўваецца для разгляду ў суд Гродзенскага раёну.

Апроч гэтага ў панядзелак апоўдні журналіст таксама атрымаў позву з патрабаваннем з'явіцца на судовы разгляд адміністратцыйнай справы 2 лістапада а 9:30 у суд Гродзенскага раёна.

Сам Андрэй Мялешка не можа нават ўявіць, за якое парушэнне яго хочуць прыцягнуць да адказнасці, бо пратакол адміністрацыйнага правапарушэння складаўся без ягонай прысутнасці.

Нагадаем, што сёлета гэта ўжо дзявятая спроба прыцягнення журналістаў да адказнасці за працу без акрэдытацыі на замежныя СМІ. Цягам года падобныя справы ўжо распачыналіся супраць сябраў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алеся Дзянісава (штраф), Алеся Залеўскага (штраф), Аляксандра Буракова (адна справа – за сюжэт на “Белсаце”, вынік невядомы, другая – за матэрыялы на сайце DW.de, будзе вырашацца 30 верасня), Міхаіла Аршынскага (за сюжэт на “Белсаце”, вынік невядомы), Віталя Сямашкі (закрытая), Марыны Маўчанавай (штраф) і самога Андрэя Мялешкі (штраф).

Шасцёра журналістаў у гэтым годзе атрымлівалі папярэджанні пракуратуры за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

У той жа час міжнародныя журналісцкія арганізацыі ўжо даўно заклікаюць улады Беларусі скасаваць анахранічны парадак акрэдытацыі, які парушае права на доступ да інфармацыі. Прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч падчас свайго афіцыйнага візіту ў Мінск 15-16 верасня 2014 г. таксама акцэнтавала ўвагу на неабходнасці адмяніць абавязковую акрэдытацыю журналістаў.