Затрыманых у Мінску журналістаў вызвалілі (Абноўлена)
Сябры ГА “БАЖ”, фрыланс-журналісты Наталля Валакіда, Алесь Баразенка і карэспандэнт БелаПАН Сяргей Сацюк правялі ў Ленінскім РУУС Мінска каля трох гадзін.
Як паведаміла прэс-службе ГА “БАЖ” Наталля Валакіда, затрыманне адбылося прыкладна ў 14.40 каля будынка Цэнтральнага суда г. Мінска. Журналісты бралі інтэрв’ю ў грамадскага актывіста з Гомеля Юрыя Рубцова перад пачаткам разгляду яго адміністрацыйнай справы аб абразе суддзі.
Разам з журналістамі быў затрыманы і прывезены ў РАУС актывіст Ілля Дабратвор, на якім была майка “Свабоду палітвязням”.
Паводле Наталлі Валакіды, затрыманне праводзілі людзі ў цывільных касцюмах, якія прыехалі з журналістамі і ў РАУС.
Намеснік старшыні ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец звязаўся з начальнікам аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандрам Ластоўскім, які паведаміў, што ўжо займаецца развязаннем гэтай сітуацыі.
У 17.30 Алесь Баразенка паведаміў ГА "БАЖ", што ўсіх затрыманых журналістаў выпусцілі без складання пратаколаў, прагляду відэазапісаў і г.д.