Міятавіч: Прыйшоў час знізіць націск на медыя ў Беларусі


Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч вітае працяг дыялогу з беларускімі ўладамі і заклікае да паляпшэння медыясферы ў краіне. Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні прэс-службы офіса Міятавіч па выніках першага дня яе візіту ў Мінск.

У рэлізе адзначаецца, што 15 верасня Міятавіч сустрэлася з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч. "Я выказала сваю заклапочанасць наконт сур'ёзных выклікаў, з якімі працягваюць сутыкацца СМІ ў Беларусі, — сказала Міятавіч. — Нягледзячы на пазітыўныя змяненні, па-ранейшаму неабходна, каб улады прадэманстравалі палітычную волю для ўвядзення міжнародных стандартаў у галіне свабоды выказвання і свабоды СМІ".

Прадстаўнік АБСЕ таксама заявіла аб неабходнасці неадкладнай рэформы закона аб СМІ, які, на яе думку, абмяжоўвае свабоду масмедыя. Яна ўказала на неабходнасць змянення патрабаванняў для акрэдытацыі журналістаў і прадастаўлення больш эфектыўных шляхоў атрымання інфармацыі.

"Прыйшоў час знізіць націск на медыя ў Беларусі. Я прадоўжу ўважліва адсочваць умовы працы СМІ і буду па-ранейшаму выступаць у абарону беларускіх журналістаў", — заявіла Міятавіч.

Яна нагадала, што яе офіс гатовы даць рэкамендацыі экспертаў у адпаведнасці з абавязацельствамі АБСЕ па забеспячэнні свабоды СМІ.

У ходзе сустрэч Міятавіч адзначыла сярод пазітыўных момантаў тое, што ніхто з мясцовых журналістаў не знаходзіцца ў турме і не вядзецца судовы пераслед у дачыненні да каго-небудзь з іх. Пры гэтым прадстаўнік АБСЕ адзначыла, што ў Беларусі працягваецца практыка кароткатэрміновых затрыманняў прадстаўнікоў СМІ, і заклікала ўлады пакласці гэтаму канец.

У панядзелак Міятавіч сустрэлася з прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі журналістаў і Беларускага саюза журналістаў, а таксама асобна з некаторымі журналістамі і актывістамі грамадзянскай супольнасці.

"Я цаню дыялог з уладамі і спадзяюся, што гэтае супрацоўніцтва прынясе канструктыўныя і доўгачасовыя вынікі", — заявіла яна

На гэтую ж тэму:

Белорусских журналистов станут реже «винтить»?

Дуня Міятавіч адкрыла ў Менску сэмінар-трэнінг