А.Класкоўскі: У новым сезоне будзе ўзрастаць попыт на хуткую, разумную і незаангажаваную журналістыку!
Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” працягвае гутарыць з калегамі па цэху пра прагнозы для незалежных выданняў на будучы палітычны і медыйны сезон. Гэтым разам наш суразмоўца – кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі.
– Што было самым адметным у мінулым медыйным сезоне?
– Галоўным выклікам для журналістаў у мінулым сезоне сталі падзеі ва Украіне і вакол яе. А калі браць менавіта медыйны аспект, то асноўным выклікам стала новая інфармацыйная вайна, якая ізноў завастрыла пытанне пра місію журналіста.
Бо па-ранейшаму не ўсе СМІ паказваюць сябе на вышыні. Маё ж асабістае меркаванне, што медыя і журналісты не павінны станавіцца прыладамі інфармацыйнай вайны, бо наша місія – у дакладным усебаковым інфармаванні і асэнсаванні таго, што адбываецца.
Мяркую, пакуль не рассмокчацца ўкраінскі канфлікт, тэма журналісцкай місіі і надалей будзе ўзнімацца ў медыйнай прасторы.
– А калі браць менавіта беларускую сітуацыю?
– Што тычыцца Беларусі, то ніякай лібералізацыі ў медыйнай сферы ў новым сезоне чакаць не выпадае. Нядаўні суд адносна гандлёвага знака “Белсат” яскрава паказаў, што ўлады не прапускаюць магчымасці прыціснуць непадкантрольныя ім медыя.
Хоць для мяне таксама паказальна, што заціхла і пытанне пра рэгістрацыю інтэрнэт-сайтаў у якасці СМІ. Думаю, у гэтым пытанні ўлады вырашылі не дражніць гусей ва ўмовах, калі з’явіліся нейкія шанцы на паляпшэнне дачыненняў з Захадаў.
Таму ў новым медыйным сезоне, думаю, улады і найдалей будуць гуляцца з прэсай, як кот з мышкай – то бок трымаць пад мяккай лапай з вострымі кіпцюрамі. Дадушваць не будуць, але і падняць галавы таксама не дадуць. Каб заўсёды можна было паказаць заходнікам – маўляў, вунь яна яшчэ там нібыта варушыцца!
Хоць плённасць новага сезону ў большай ступені залежыць ад саміх журналістаў. Маё крэда: трэба уключаць мазгі і не ленавацца! І, спадзяюся, у новым палітычным сезоне будзе ўзрастаць попыт на хуткую, разумную і незаангажаваную журналістыку. Таму раю усім не ленавацца!