300 журналістаў хочуць пабачыць сустрэчу Пуціна і Парашэнкі ў Менску
У МЗС Беларусі працягваюць зьбіраць заяўкі на акрэдытацыю замежных СМІ на перамовы кіраўнікоў варагуючых Расеі і Ўкраіны пры пасярэдніцтве Эўразьвязу і Мытнага саюза.
Больш за 300 журналістаў з усяго сьвету прыбудуць у Менск для асьвятленьня перамоваў у Менску па пытаньнях вырашэньня крызісу ва ўсходняй Украіне, якія прызначаныя на 26 жніўня. Пра гэта радыё Свабода паведамілі сёньня ў прэсавай службе зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі.
Гэта сустрэча заплянаваная на 26 жніўня ў Менску. У ёй будуць удзельнічаць Пятро Парашэнка, Уладзімер Пуцін, Нурсултан Назарбаеў і Аляксандар Лукашэнка, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у пытаньнях бясьпекі і зьнешняй палітыцы Кэтрын Эштан, віцэ-старшыня Эўракамісіі Гюнтэр Эцінгер і камісар па гандлю Карл дэ Гухт.
«У МЗС Беларусі паступіла больш за 300 заявак на акрэдытацыю ад замежных СМІ для асьвятленьня сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі, Казахстана, Расеі, Украіны з удзелам прадстаўнікоў Эўрапейскага зьвязу, якая адбудзецца 26 жніўня ў Менску», — паведаміў агенцтву «Інтэрфакс» прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітрый Мірончык.
Паводле яго слоў, «гэта журналісты з ЗША, Францыі, Чэхіі, Польшчы, Украіны, Расеі, іншых краін. Вельмі шмат заявак на акрэдытацыю паступіла ад японскіх журналістаў».