Алесь Залеўскі: “Я дакладна нічога ў жыцці не магу рабіць лепш за тэлежурналістыку”
Што за “сігнал” пасылаюць улады журналістам, цягаючы іх па судах і спаганяючы буйныя штрафы? Некаторыя калегі ўжо ахрысцілі 30 базавых “новай дзяржпошлінай на свабоду слова”.
Алесь Залеўскі. Фота www.belmy.by
Апошнім часам суды па “стандартным” артыкуле 22.9 КаАП адбываюцца ледзьве не штомесяц. Але за кожным такім “маніторынгавым” выпадкам – чалавечыя эмоцыі і лёсы, якія звычайна застаюцца “за кадрам”.
Як журналісты даюць рады гэтым праблемам? Ці кожны гатовы трываць дзеля прафесіі вызначэнні кшталту “падсудны”,” абвінавачаны” і г. д.?
Наш суразмоўца – тэлежурналіст Алесь Залеўскі, аштрафаваны 27 мая Карэліцкім раённым судом на 4,5 млн. рублёў за “незаконны выраб прадукцыі СМІ”. Абскардзіць гэты штраф журналісту пакуль не ўдалося.
Алесь Залеўскі: Я абскарджваў свой прысуд не дзеля таго, каб давесці справядлівасць з фармальнага пункту гледжання – фармальна яна не будзе даказана пры сённяшняй судовай сістэме. Раз мне далі такі самы штраф, як і астатнім, – значыць, гэта ініцыятыва не міліцыянтаў у Карэлічах. Усё адбываецца ў межах адной сістэмы, а сістэма збояў не павінная даваць. Таму сваёй касацыяй я падаваў ім сігнал: я не згодны, я буду памятаць, для мяне гэта балюча. Каб змяняць рэчаіснасць, на яе трэба рэагаваць!
БАЖ: Але ж штраф – гэта сігнал і табе з боку сістэмы...
А.З.: – Пакуль я адганяю думку, што гэта рабілася з мэтай мяне прыструніць. Вярнуўшыся ў Беларусь з Варшавы ў верасні мінулага года, я даволі актыўна ўключыўся ў розныя праекты і стаў “навідавоку”. Гэта не толькі журналісцкія праекты тыпу “Рэпартаж Залеўскага” ці “Людскія справы”, але і грамадскія – кшталту курсаў “Мова ці кава”. Гэта быў адзін з матываў майго вяртання – рабіць нешта па-за студыяй, адчуць жыццё, наладзіць кантакт з рэальнасцю, з людзьмі, паўплываць на іх, стварыць нешта цікавае, моднае...
Будзе вельмі прыкра, калі гэта сапраўды акажацца “сігналам” мне – знізіць актыўнасць, супакоіцца. Я цяпер не адзін, у мяне жонка цяжарная, мы чакаем дзіцё... Зрэшты, галоўны матыў майго вяртання быў – мець тут сям’ю. Самарэалізацыя таксама важная, але я хачу тут дзяцей выхоўваць, а не на эміграцыі. І тут сапраўды можа паўстаць канфлікт, калі маё імкненне да самарэалізацыі пачне перашкаджаць сямейнаму дабрабыту. Як бы там ні было, усё гэта адбіваецца на маральнай атмасферы дома. Нават тое, як мяне ў судзе называлі, – “падсудны”, “абвінавачаны” і так далей...
Не буду хаваць, што ўсё гэта ўзняло дыскусію ў нашай сям’і. Мы былі ўпэўненыя, што вяртаемся ў Беларусь на працяглы час. А цяпер гатовыя для любых паваротаў лёсу. Але я ўсё ж спадзяюся, што трапіў пад руку гродзенскім праваахоўнікам проста ў межах пэўнай “выбаркі” – разам з гродзенцамі Дзянісавым і Мялешкам…
Я дакладна нічога ў жыцці не магу рабіць лепш за тэлежурналістыку – рэпартажы, вядоўства. Але дапускаю, што давядзецца павучыцца розным іншым заняткам. Я цяпер цікаўлюся рэжысурай – не толькі як перад камерай стаяць, але і за камерай. І карысць для справы будзе не меншай, і з творчай самарэалізацыяй парадак, і пры гэтым я не буду так “свяціцца”, як раней. Можа, у гэтым развязанне маёй праблемнай сітуацыі?..
На гэтую ж тэму:
Андрэй Мялешка: «За месяц ужо шэсць чалавек адмовілі мне ў інтэрв'ю»
Алесь Дзянісаў: “Маральна журналіст павінен быць гатовы да пераследу...”