Алесь Анціпенка: “Можна сказаць, што я шукаю новай энергіі”


Як адпачываюць вядомыя журналісты? Ці сочаць за навінамі ў часе адпачынку? Што вырошчваюць на градах? З кім сябруюць у сваіх загарадных доміках? Пра ўсё гэта – у летнім спецпраекце сайта baj.by “Журналістыка на лецішчы”. Першым госцем рубрыкі (а дакладней – гаспадаром, да якога мы завіталі) стаў медыяэксперт, сябра Камісіі па этыцы ГА “БАЖ”, філосаф і вядомы дачнік Алесь Анціпенка.

Лецішча спадара Алеся знаходзіцца прыкладна ў 50 кіламетрах ад Мінска ў Смалявіцкім раёне. Дастаткова з’ехаць з шумнай маскоўскай трасы, як адразу трапляеш у пашчу маляўнічых пагоркаў, вялікіх фермаў і дачных кааператываў.

Але сам спадар Алесь прызнаецца, што імкнуўся выбіраць месца падалей ад камунікацый. Таму, каб дабрацца да доміка слыннага БАЖаўца, даводзіцца  крыху паблукаць. На што Алесь Анціпенка з радасцю бярэцца выехаць насустрач на сваім ровары, каб паказаць дарогу.

На невялікім участку месціцца ўтульны гародзік, лазня, якую спадар Алесь будаваў разам з сябрам Валянцінам Акудовічам, душ ды так званая "гаспадарчая зона" – дом і дворык. Гэтую прастору сям’я Анціпенкаў дзеліць з трыма немалымі сабачкамі. Па словах Алеся, апошні год ён імкнецца жыць у як мага большай гармоніі з прыродай, таму сабак трымае не ў будцы ці вальеры, а на волі.

На гародзіку філосафа – цыбуля, часнык, салата, агуркі, шчаўе ды раннія трускаўкі, якімі спадарыня Алена з гонарам частуе журналістаў.

– Вось ужо цэлы год мы з жонкай тут жывем. Мінулая зіма, можна сказаць, была ў нейкім сэнсе дэбютнай. Часам слупок тэрмометра даходзіў і да мінус 30-і, але мы мужна перазімавалі. Хоць былі, напэўна, адзінымі на ўвесь дачны пасёлак. Цяпер зрабілі невялікі рамонт, абшылі дом сайдынгам. Так распачаліся мае ўцёкі ад цывілізацыі, уцёкі ад грамадства і шлях да самога сябе.

Сталася так, што людзі адмовіліся ад свайго сапраўднага жыцця. Замест таго, каб чуць прыроду, навакольны свет, яны хуценька ўключаюць нейкае радыё ці кампакт-дыск. Бо прырода з-за гэтых умоўнасцяў стала  некамфортнай, чужой. Такім чынам людзі ўцякаюць ад саміх сябе. Для мяне такі стан справаў непрымальны, не хачу так жыць...

ПОЎНЫ ТЭКСТ і БОЛЬШ ФОТА