Шостае па ліку папярэджанне ў гэтым годзе (дадалася копія дакумента)
Пракуратура Брэсцкай вобласці вынесла пісьмовае папярэджанне незалежнаму журналісту Максіму Хлябцу за супрацоўніцтва з замежным СМІ – «Беларускім Радыё Рацыя» – без акрэдытацыі.
Выява з сайта "Беларускага Радыё Рацыя"
Журналіст наведаў пракуратуру раніцай 11 чэрвеня – згодна з афіцыйнай позвай, якую атрымаў днём раней.
Старшы пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Ніна Бахарава ўручыла яму пісьмовае папярэджанне, датаванае 10-м чэрвеня і падпісанае намеснікам пракурора Брэсцкай вобласці Аляксандрам Точкам.
Фота дакумента даслаў baj.by Максім Хлябец
З паперы вынікае, што доказам супрацоўніцтва журналіста з замежным СМІ пракуратура лічыць два артыкулы, размешчаныя на сайце racyja.com у сакавіку 2013 года. Адзін з іх – пра гуканне вясны, другі – пра дзень паэзіі.
Гэта не першая праява цікавасці да Максіма Хлябца з боку сілавых структур. У сакавіку 2014 г. яго выклікалі ў міліцыю і спрабавалі схіліць да супрацоўніцтва, кажучы, што «ўсё ведаюць» пра яго журналісцкую дзейнасць.
«Думаю, цяперашняе папярэджанне – працяг той гісторыі. Тады я адмовіўся супрацоўнічаць і распавёў пра гэта ў СМІ. Можа, яны вырашылі напужаць мяне яшчэ чым-небудзь – з разлікам на тое, што я спалохаюся і пачну з імі супрацоўнічаць ці спыню сваю дзейнасць», – выказаў меркаванне Максім у гутарцы з прэс-службай ГА "БАЖ".
Гэта ўжо шостае па ліку папярэджанне ў 2014 годзе незалежным журналістам за супрацу з замежнымі СМІ. У лютым пракуратура Лідскага раёна папярэдзіла Юрыя Дзешука, у сакавіку Брэсцкая гарадская пракуратура папярэдзіла журналіста Яўгена Скрабца, Гомельская абласная пракуратура – Юлію Сівец і Мікалая Бянько, у красавіку пракуратура Віцебскай вобласці папярэдзіла мясцовую журналістку Святлану Сцяпанаву.
За ўвесь 2013 год органы пракуратуры, па звестках ГА “БАЖ”, вынеслі папярэджанні 9-і журналістам.