Журналісцкі конкурс “Абяры жыццё!” (працягнуты да 15 кастрычніка)
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, РПГА “Беларускі хельсінкскі камітэт” і МА “Міжнародная турэмная рэформа” абвяшчае конкурс журналісцкіх матэрыялаў, прысвечаных тэме смяротнага пакарання. Прымаюцца матэрыялы, што выйшлі ці выйдуць у свет з 1 студзеня па 15 кастрычніка 2014 года.
Адной з самых закрытых для беларускага чытача па-ранейшаму з’яўляецца тэма вынясення і выканання смяротных прысудаў. Як адбываецца следства? Дзе ўтрымліваюць зняволеных? Па якіх крытэрах выносяць прысуд? Як прыводзіцца ён у выкананне і як да гэтага ставіцца грамадства, Рада Еўропы, АБСЕ ды праваабаронцы?
Калі Вы пісалі ці збіраецеся напісаць сёлета на тэму смяротнага пакарання, заклікаем даслаць матэрыялы на конкурс. На конкурс прымаюцца тэкставыя, мультымедыйныя, фота-, відэа- і аўдыёматэрыялы. Усё гэта неабходна дасылаць да 15 кастрычніка на адрас life@baj.by з указаннем аўтарства, месца і даты выхаду матэрыялу.
Матэрыялы будуць ацэньвацца па наступных крытэрах:
- арыгінальнасць, самастойнасць мыслення і творчы падыход пры падрыхтоўцы матэрыялу;
- адпаведнасць прынцыпам падачы журналісцкага матэрыялу, навіны, аналітычнага артыкула;
- грамадская значнасць і актуальнасць, інфармацыйная каштоўнасць матэрыялу;
У журы конкурсу ўвойдуць вядомыя журналісты, а таксама прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, што займаюцца праблемай існавання смяротнага пакарання і правоў чалавека ў Беларусі.
Трох пераможцаў чакаюць дыпломы і каштоўныя прызы!