Прадстаўнік Белтэлерадыёкампаніі: Дэбаты кандыдатаў у дэпутаты не адменены, а перанесены

БелаПАН

Дэбаты кандыдатаў у дэпутаты на канале "Беларусь-2" не адменены, а перанесены, заявіў намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Марат Маркаў у інтэрв'ю на сайце НДТРК.

"Мы ўпершыню даем магчымасць для правядзення кандыдатамі маштабных агітацыйных мерапрыемстваў на тэлебачанні, — сказаў Маркаў. — Натуральна, што ў працэсе іх арганізацыі ўзнікаюць асобныя пытанні, якія патрабуюць аптымізацыі. Зноў жа менавіта для таго, каб дэмакратычнае права на агітацыю кожнага прэтэндэнта на дэпутацкі мандат было безумоўна рэалізавана. Спецыяльна пад тэледэбаты было распрацавана праграмнае забеспячэнне, і на мінулым тыдні мы ўсё, што планавалі, запісалі, і запісалі паспяхова. Аднак у працэсе падрыхтоўкі да наступных запісаў падчас правядзення рэгламентных работ мы выявілі шэраг момантаў, якія неабходна наладзіць, каб не ўзнікала пытанняў ні ў кандыдатаў, ні ў нас. Таму мы прынялі рашэнне правесці адпаведную тэхнічную прафілактыку — не больш. Гэта абсалютна шараговае пытанне, якое, безумоўна, будзе вырашана за адзін-два дні".

"Перанесці давялося толькі некалькі запісаў, усе астатнія пойдуць у планавым парадку. Нашы супрацоўнікі, заўважу, папярэдзілі кандыдатаў пра гэта загадзя, прычым фармулёўка была не "адмянілі", а канкрэтна — "перанеслі". Я яшчэ раз звяртаю на гэта ўвагу. І другое: змяніўся графік запісу, але не графік выхаду ў эфір тэледэбатаў, які застаўся ранейшым. Такім чынам, патэнцыяльны выбаршчык абавязкова і своечасова ўбачыць тэледэбаты на нашым тэлеканале", — заявіў Маркаў.

Паводле яго слоў, гэта першы вопыт правядзення тэледэбатаў кандыдатаў у дэпутаты, і НДТРК з іх забеспячэннем спраўляецца.

Раней лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі, кандыдат у дэпутаты Анатоль Лябедзька выказаў меркаванне, што запіс дэбатаў не адбыўся з-за цэнзурных, а не тэхнічных меркаванняў.