Дзяржаўныя газеты не змогуць правіць праграмы апазіцыйных кандыдатаў


Андрэй Бастунец каментуе Палажэнне аб парадку выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пятага склікання.

Па словах Андрэя Бастунца, галоўнае адрозненне будучых парламенцкіх выбараў ад усіх папярэдніх – гэта магчымасць стварэння кандыдатамі ў дэпутаты адмысловых грашовых фондаў. На сродкі з гэтых фондаў кандыдаты ў парламент змогуць дадаткова набываць для агітацыі радыё і тэлеэфір, а таксама дадаткова друкаваць свае праграмныя тэзісы ў мясцовых ды рэспубліканскіх газетах.

Апроч гэтага, як і на мінулых выбарах, кожнаму з зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты будзе прадастаўлена па пяць хвілін эфірнага часу на адпаведных абласных радыё- і тэлеканалах, а таксама магчымасць надрукаваць уласную праграму памерам не больш за 4000 знакаў у адной з рэспубліканскіх газет «Звязда», «Народная газета», «Рэспубліка», «Беларуская ніва», ці ў адпаведнай абласной, раённай, гарадской, ці той, якая выдаецца на тэрыторыі выбарчай акругі.

Разам з тым, па словах Андрэя Бастунца, прынятае Палажэнне, як і Выбарчы кодэкс Беларусі, не прадугледжвае магчымасці цэнзуравання перадвыбарчых праграм і выступаў кандыдатаў. У выпадку, калі той ці іншы выступ альбо праграма не будуць адпавядаць заканадаўству – яго проста здымуць з эфіру альбо газеты. “Хоць, магчыма, кандыдаты пад пагрозай зняцця іх праграм ці выступаў самі пойдуць на рэдагаванне сваіх тэкстаў,” – гаворыць Бастунец.

Паводле Палажэння, чарговасць бясплатных выступаў у эфіры, як і раней, будзе вызначацца лёсаваннем у адпаведнай выбарчай камісіі, а праграмы ў дзяржаўных газетах паступяць у друк у парадку іх паступлення ў рэдакцыю.

Па словах Андрэя Бастунца, яшчэ адной важнай адметнасцю сёлетніх выбараў стануць дэбаты паміж кандыдатамі. У часе дэбатаў на дзяржаўных радыё і тэлеканалах кожнаму з прэтэндэнтаў будзе прадстаўлена па 5 хвілін эфірнага часу для выкладання ўласных тэзісаў.

Усё астатняе, апроч бясплатнага эфірнага часу і гарантаванай газетнай плошчы, па словах юрыста ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, кожны кандыдат павінен будзе набываць са сродкаў уласнага перадвыбарчага фонду.

Разам з тым, як мяркуе А.Бастунец, найбольш цяжкім для прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла будзе дамовіцца з рэдакцыя газеты ці тэлерадыёканала пра размяшчэнне ўласнай рэкламы.