Шаноўныя сябры!
Мы распачынаем новы этап медыйнай кампаніі БАЖ* "За экалагічны дабрабыт!".
Сёлета, калегі, прапануем звярнуць увагу на тэхнагенныя фактары ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.
Якія пагрозы прыродзе нясе тэхнічны прагрэс, што забяспечвае людзям цывілізацыйныя даброты?
Заклікаем сябраў БАЖ, якія цікавяцца экалагічнай тэматыкай, звярнуць увагу на падобныя праблемы ў вашай мясцовасці. Калі ж вы ведаеце прыклады выдатнай арганізацыі працы прадпрыемстваў з пункту гледзішча экалагічнага складніку, таксама пра гэты пішыце. Пазітыўны досвед мусіць быць узорам!
Для пачатку прапануем Вам грунтоўнае даследаванне аглядальніка партала www.wildlife.by Алены САДОЎСКАЙ наконт вынішчэння лесапалос уздоўж дарог Беларусі.
Здавалася б, такая простая тэма, але, паглядзіце, колькі аспектаў у ёй адкрываецца! Чакаем вашага актыўнага ўдзелу ў асвятленні экалагічнай тэматыкі!
Дзеля заахвочвання да канкрэтных дзеянняў абвяшчаем журналісцкі конкурс на лепшую публікацыю і фота-аўдыё-відэа рэпартаж у межах медыя-кампаніі "За экалагічны дабрабыт!", прысвечаны тэхнагеннаму ўздзеянню на навакольнае асяроддзе Беларусі. Конкурсныя матэрыялы маюць з'явіцца ў СМІ з пачатку 2012 года да 1 верасня 2012 г.
Падвядзенне вынікаў конкурсу і ўганараванне пераможцаў адбудуцца ў кастрычніку 2012 г.
Падчас разгляду конкурсных матэрыялаў будуць брацца да ўвагі арыгінальнасць тэмы і падыходу да яе асвятлення аўтарам.