"Рэпарцёры без межаў" асудзілі арышт А. Клімава за публікацыі ў Інтэрнэт
Міжнародная журналісцкая праваабарончая арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” асудзіла арышт публіцыста і палітычнага актывіста Андрэя Клімава па абвінавачванні ў “закліках да змены дзяржаўнага рэжыму” за артыкулы, змешчаныя у Інтэрнэце, у якіх ён крытычна выказваўся у адрас улады і разглядаў магчымасці змены палітычнай сістэмы ў Беларусі.
Арганізацыя таксама занепакоеная зместам праекта закона “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”, які можа абавязаць рэгістраваць усе он-лайн публікацыі, – паведамляецца на сайце арганізацыі.
Разумеючы, што некаторыя з каментараў Клімава былі даволі рэзкімі, “Рэпарцёры без межаў” падкрэсліваюць сваю нязгоду з выкарыстаннем зняволення, як пакарання за выказванне думак ці крытыку ў прэсе.
“Гэта ўпершыню, калі апанент беларускага ўраду быў арыштаваны за артыкул, змешчаны ў Інтэрнэце, – заявіла арганізацыя па свабодзе прэсы. - Артыкул “заклік да змены рэжыму” ужываецца, каб прымусіць маўчаць дысідэнтаў. Арышт Клімава падкрэслівае амаль поўны кантроль, які ажыццяўляе ўрад над інфармацыяй у Беларусі.”
Нагадаем, паводле паведамленняў СМІ, супраць А. Клімава распачата крымінальная справа па артыкуле 361 ч.3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Заклікі да звяржэння альбо змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь альбо да здзяйснення злачынстваў супраць дзяржавы, публічныя заклікі да гвалтоўнага захопу ўлады альбо змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь... здзейсненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі”). За публікацыі ў Інтэрнэце палітыку пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да 5 гадоў.
Арганізацыя дадала: “Мы таксама занепакоены тым, што, прымушаючы вэб-сайты рэгістравацца, улады павялічаць ціск на незалежныя грамадскія он-лайн выданні, у тым ліку блогі, і будуць прымушаць да самацэнзуры”.
Беларускае згуртаванне свабоды прэсы грамадскае аб’яднанне “БАЖ” падчас прэс-канферэнцыі 12-га красавіка, выказала занепакоенасць праектам закона “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”, які прапануе стварыць сістэму рэгістрацыі ўсіх медыя, у тым ліку публікацыі он-лайн. Яшчэ не высветлена, будзе рэгістрацыя прымусовай ці рэкамендаванай. Аднак з’яўленне гэткага закон вельмі хвалюе ў гэткай краіне, як Беларусь, якая знаходзіцца ў спісе 13 ворагаў Інтэрнэт, – паведамляюць “Рэпарцёры без межаў”.