Аляксандру Мілінкевічу адмовілі ў жывым эфіры на дзяржаўным тэлеканале
Лідэру дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандру Мілінкевічу адмоўлена ў магчымасці выступіць 25 красавіка ў прамым эфіры Першага тэлеканала.
А. Мілінкевіч прапаноўваў напярэдадні гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС абмеркаваць у жывым эфіры нацыянальнага тэлебачання актуальныя праблемы пераадолення наступстваў аварыі. Палітык патрабаваў таксама прадаставіць эфір запрошаным ім экспертам і ліквідатарам.
У заяве, накіраванай 5 красавіка на адрас Белдзяржтэлерадыёкампаніі, падкрэслівалася, што існуе неабходнасць абмеркавання гэтых пытанняў:
– Замоўчванне ўладамі праблемаў, з якімі сутыкаюцца ліквідатары наступстваў трагедыі на ЧАЭС, людзі, што жывуць на забруджаных тэрыторыях, усе грамадзяне Беларусі, якім у выніку палітыкі ўладаў даводзіцца спажываць прадукты харчавання з забруджаных земляў;
– Тупіковасць сацыяльна-эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў, што не дазваляе эфектыўна вырашаць паўсталыя праблемы, а таксама атрымліваць у неабходным аб’ёме міжнародную дапамогу ў справе мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі...
Як паведаміла Радыё “Свабода” са спасылкай на “Інтэрфакс”, старшыня тэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі ў сваім адказе выказаў сумнеў у кампетэнтнасці А. Мілінкевіча і незалежных экспертаў. Ён сказаў, што ў эфір выйдуць перадачы па чарнобыльскай тэматыцы, у якіх апавядаецца пра тое, што Беларусь адна змагаецца з наступствамі гэтай катастрофы.
Па словах прэс-сакратара дэмакратычнага лідэра Паўла Мажэйкі, афіцыйнага адказу Аляксандр Мілінкевіч пакуль не атрымаў.