25 сакавіка быў затрыманы рэдактар недзяржаўнай газеты "За Маладзечна"


25 сакавіка ў Мінску быў затрыманы рэдактар маладзечанскай незарэгістраванай маланакладнай газеты “За Маладзечна” Ян Лагвіновіч.

25 сакавіка ў Мінску быў затрыманы рэдактар маладзечанскай незарэгістраванай маланакладнай газеты “За Маладзечна” Ян Лагвіновіч.

Каля 16 гадзін дня супрацоўнікі міліцыі спынілі Яна Лагвіновіча, а таксама яго жонку Вольгу Лагвіновіч і некалькіх грамадскіх актывістаў з Маладзечна непадалёку ад Акадэміі навук (на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Дарашэвіча) для праверкі дакументаў. Міліцыянты праверылі пашпарты і асабістыя рэчы і, знайшоўшы ў заплечніку Яна Лагвіновіча транспарант з надпісам “Маладзечна за свабоду”, заявілі, што затрымліваюць для высвятлення абставін.

Затрыманых маладзечанцаў даставілі ў аддзяленне міліцыі Мінскай вобласці. Капітан міліцыі Жук, які вёў допыт, цікавіўся: з якой мэтай прыехалі ў Мінск, якім чынам дабіраліся, колькі хвілін трымалі транспарант. Пасля допыту яны падпісалі тлумачальныя, складзеныя міліцыянтам паводле іх слоў.

Пасля затрыманых адвезлі ў Маладзечна ў раённае аддзяленне міліцыі. Яна Лагвіновіча адразу (каля паловы восьмай увечары) адвялі да начальніка Маладзечанскага РАУС Адама Крывальцэвіча.

Міліцэйскі начальнік у размове без складання пратаколу цікавіўся ў Я. Лагвіновіча пра мэту паездкі ў сталіцу, а таксама ці з’яўляецца той сябрам якой–небудзь партыі, якаю мае адукацыю і інш. На развітанне рэдактару недзяржаўнай газеты ў міліцыі паабяцалі, што “далей будуць бачыцца часцей”. Прыкладна ў 20.15 затрыманых адпусцілі.