У Мінску 25 сакавіка таксама перашкаджалі працаваць некаторым журналістам
Падчас масавай акцыі – Дня Волі, якая ладзілася 25 сакавіка ў Мінску,
супрацоўнікі праваахоўных органаў і спецслужбаў перашкаджалі працаваць некаторым журналістам.
Так, прыкладна а палове на 12-ю супрацоўнікі міліцыі загадалі пакінуць Кастрычніцкую плошчу некалькім сябрам ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (у тым ліку Генадзю Кеснеру і Марату Гаравому), праз некалькі хвілінаў іх жа прымусілі пакінуць і гэтак званую “рэжымную зону”, якая прасціралася ад вуліцы Леніна да вуліцы Янкі Купалы.
Таксама журналістаў – сябраў БАЖ Таццяну Мельнічук і Галіну Уласік не прапускалі да ўдзельнікаў акцыі праз кардоны міліцыі ў трох розных месцах. На заяву Т. Мельнічук, што яна з’яўляецца намеснікам старшыні БАЖ і абавязаная назіраць за дзеяннямі супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку ў адносінах да журналістаў, тыя папрасілі пачакаць і звязаліся са сваім кіраўніцтвам.
Калі міліцэйскае начальства пачула, што названыя асобы прадстаўляюць ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, то аддало загад: гэтых не пускаць тым больш.