Канал "Euronews" упадобіўся БТ
Учора на канале “Euronews” прайшла інфармацыя пра акцыю апазіцыі 25 сакавіка ў Мінску. У праграме навінаў паведамілі, што ў акцыі ўзялі ўдзел некалькі соцень чалавек, іх блакіравалі супрацоўнікі міліцыі і праз кароткі час выціснулі з цэнтру горада. На гэтым інфармацыя буйнейшага еўрапейскага тэлеканалу пра падзеі ў беларускай сталіцы на Дзень волі завершылася.
Гледзячы па карцінцы, паказанай па “Euronews”, складаецца ўражанне, што купленая яна была на Беларускім тэлебачанні. Бо як на БТ, так і на “Euronews” ні воднага слова не прагучала і ні воднага кадра не было паказана пра масавае шэсце ўздоўж галоўнага праспекта Мінска і шматтысячны мітынг каля Акадэміі навук.
Гэтаксама як ніводнага слова не было сказана пра затрыманні, арышты і збіццё дэманстрантаў дручкамі. Гэта ўжо не першы раз, калі “Euronews” скажае інфармацыю пра падзеі ў Беларусі, асабліва калі гаворка вядзецца пра акцыі дэмакратычных сілаў.