Сёння – адкрыццё фотавыставы Сяргея Балая «Найвышэйшая мера»
Сумесны праект фотажурналіста Сяргея Балая і кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" будзе прадстаўлены 7 кастрычніка ў кніжнай краме выдавецтва "Галіяфы" (вул. Валгаградская, 4а, ст.м. Маскоўская). Мерапрыемства пачнецца а 18-й гадзіне.
Героямі фотапраекта “Найвышэйшая мера” сталі Святлана Жук, Любоў Кавалёва, Тамара Сялюн, Вольга Грунова і Тамара Чыкунова – маці, чыіх сыноў дзяржава вырашыла пазбавіць жыцця, прыкрываючыся антыгуманным законам.
Адкрыццё выставы пройдзе з удзелам аўтара Сяргея Балая, Тамары Чыкуновай – адной з гераінь праекта, прадстаўнікоў кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. Жаданне наведаць мерапрыемства выказалі ганаровы госць Карэл Шварцэнберг, старшыня Камітэта па замежных справах Парламента Чэшскай Рэспублікі, і Мілан Экерт, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Чэхія ў Беларусі.
Выстава ладзіцца ў рамках Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.