За рэдактарам недзяржаўнай газеты ў Пінску сочаць міліцыянеры


Рэдактар пінскай недзяржаўнай грамадска-палітычнай газеты “Мясцовы час” Віктар Ярашук практычна ўвесь гэты тыдзень жыве пад пільным наглядам праваахоўных органаў.

Рэдактар пінскай недзяржаўнай грамадска-палітычнай газеты “Мясцовы час” Віктар Ярашук практычна ўвесь гэты тыдзень жыве пад пільным наглядам праваахоўных органаў.

Як распавёў В. Ярашук службе маніторынгу БАЖ, каля пад’езда яго дома пастаянна дзяжурыць легкавы аўтамабіль, у якім знаходзяцца людзі ў штацкім. У іх ён пазнаў супрацоўнікаў Пінскага гарадскога аддзялення ўнутраных спраў. Журналіст стараецца не выходзіць на вуліцу адзін са сваёй кватэры, бо апасаецца быць затрыманым і асуджаным за тое, што нібыта “нецэнзурна лаяўся ў грамадскім месцы”.Такое ўжо было ў мінулым годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Таму, каб дабрацца ў рэдакцыю на працу, Віктар вымушаны прасіць каго-небудзь са сваіх сяброў прыехаць на ім на аўтамабілі. Такім жа чынам ён дабіраецца дахаты ўвечары.

Журналіст спрабаваў даведацца ў Пінскім ГАУС, чым выкліканы такі інтарэс да яго персоны (тэлефонную размову ён запісаў на дыктафон). У міліцыі адказалі, што з набліжэннем “Дня волі” за ўсімі пінскімі актывістамі наладжаны нагляд.

Віктару Ярашуку і яшчэ 10 чалавекам параілі дабраахвотна з’явіцца ў Пінскі ГАУС быццам бы для гутаркі з прыехаўшым з Мінску работнікам міністэрства ўнутраных спраў. Аднак ад гэтай сустрэчы журналіст адмовіўся. Заадно вырашыў узмацніць меры перасцярогі, каб не трапіць ізноў у міліцэйскі пастарунак.