БАЖ патрабуе ад міліцыі не парушаць закон аб СМІ


Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” патрабуе выканання заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” патрабуе выканання заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

У лісце, які БАЖ накіраваў 22 сакавіка міністру ўнутраных спраў Беларусі Уладзіміру Навумаву і начальніку ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама Анатолю Куляшову, паведамляецца, што, паводле маніторынгу канфліктаў у сферы СМІ, супрацоўнікі міліцыі вельмі часта, “асабліва падчас масавых мерапрыемстваў” парушаюць правы журналістаў.

Журналісцкая праваабарончая арганізацыя нагадвае, што ў адпаведнасці з артыкулам 39 закона “Аб друку і іншых СМІ” журналісты маюць права прысутнічаць на месцы грамадска значных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю, у тым ліку рабіць запісы з выкарыстаннем тэхнікі.

“Закон прадастаўляе права журналістам прысутнічаць на месцы правядзення як санкцыянаваных, так і несанкцыянаваных акцый. Пацвярджэннем статусу журналіста служыць адпаведнае пасведчанне, якое можа быць аформлена ў выглядзе бэджа”, – падкрэсліваецца ў звароце да кіраўніцтва праваахоўных органаў.

БАЖ таксама звяртае ўвагу на тое, што, згодна з артыкулам 48 закона аб СМІ, “парушэнне правоў журналістаў і прымушэнне журналіста да адмовы ад распаўсюджання інфармацыі прызнаюцца ўшчамленнем свабоды масавай інфармацыі”. Нагадваецца, што беларускае заканадаўства прадугледжвае за падобныя дзеянні дысцыплінарную, адміністратыўную, крымінальную і іншую адказнасць.

У завяршэнні афіцыйнага ліста да міністра ўнутраных спраў і начальніка сталічнай міліцыі выказана просьба “забяспечыць правядзенне тлумачальнай работы” сярод кіраўніцтва і асабістага саставу супрацоўнікаў міліцыі, каб папярэдзіць парушэнні заканадаўства аб СМІ.

– Патрэба ў такім звароце выкліканая тым, што падчас масавых акцый супрацоўнікі сілавых структур, відаць, не заўжды ўсведамляюць тое, што журналісты таксама на працы. А права выконваюць прафесійныя абавязкі ім гарантуе наша заканадаўства, – патлумачыла неабходнасць ліста старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Жанна Літвіна.

Як зазначыла кіраўнік журналісцкай арганізацыі, “сёння ў беларускіх журналістаў ёсць сумны досвед, калі ім не толькі абмяжоўваюць магчымасці атрымліваць інфармацыю, але і прымяняюць фізічную сілу, затрымліваюць, разбіваюць тэхніку”.

У якасці прыкладу яна прывяла выпадкі збіцця ў мінулым годзе карэспандэнта газеты “Комсомольская правда” в Белоруссии” Алега Улевіча, а таксама затрымання і прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў 2006 годзе 45 журналістаў. Некаторыя з іх потым адбывалі пакаранне арыштам да 15 сутак.

– Нельга ствараць перашкоды журналістам, таму што збіраць і даносіць інфармацыю пра любыя падзеі, якія адбываюцца ў краіне, да шырокай грамадскасці – іх службовы абавязак,”— падкрэсліла Жанна Літвіна.