Разгляд апеляцыі газеты "Витебский курьер М" на патрабаванне суда вызваліць памяшканне адбудзецца 12 лютага
Разгляд апеляцыйнай скаргі недзяржаўнай газеты “Витебский курьер М” на рашэнне гаспадарчага суда Віцебскай вобласці прызначаны на 12 лютага а 15 гадзіне. Справа будзе слухацца ў памяшканні гаспадарчага суда па адрасе: г.Віцебск, вул, Праўды, 22, каб. № 409, – паведамляе прэс-служба БАЖ.
Нагадаем, 10 студзеня суддзя гаспадарчага суда Віцебскай вобласці Вольга Гаціла задаволіла зыск прадпрыемства “Элсан” да газеты аб прызнанні несапраўднай дамовы арэнды. Паводле гэтага рашэння, рэдакцыя абавязана вызваліць памяшканне, якое арандуе ў ААТ “Элсан”.
На пачатку снежня 2006 года кіраўніцтва ААТ “Элсан” паведаміла рэдакцыі “Витебского курьера”, што тэрмінова скасоўвае дамову арэнды, якую заключыла з газетай за два месяцы да гэтага, і запатрабавала вызваліць памяшканне за двое сутак. Хоць, згодна з умовамі дамовы, памяшканне было арэндаванае тэрмінам да 31 жніўня 2007 года.
Рэдакцыя, якая толькі напрыканцы кастрычніка пераехала ў новы офіс, адмовілася выконваць патрабаванне. Пасля чаго арэндадаўца звярнуўся ў суд.
Зараз “Витебский курьер” знаходзіцца ў складаным становішчы: 12 студзеня праз два дні пасля рашэння суда рэдакцыя атрымала ліст ад Мінінфармацыі з папярэджаннем, што калі ў двухтыднёвы тэрмін не прадставіць пацверджанне рэгістрацыі юрыдычнага адраса, выхад газеты можа быць прыпынены за парушэнне артыкула 11 Закона аб друку (пры змене месцазнаходжання рэдакцыі заснавальнік абавязаны ў месяцовы тэрмін пісьмова паведаміць аб гэтым у рэгіструючы орган).
6 снежня газета атрымала папярэджанне за парушэнне гэтага артыкула.
Між тым, ужо чатыры месяцы заснавальнік “Витебского курьера” не можа зарэгістраваць змены і дапаўненні ва ўстаноўчыя дакументы, у тым ліку і новы адрас рэдакцыі. Улады Першамайскага раёна Віцебска, спасылаючыся кожны раз на новую прычыну, адмаўляецца прыняць для перарэгістрацыі статута адпаведныя паперы.
24 студзеня міжнародная журналісцкая праваабарончая арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” выступіла з асуджэннем “юрыдычнага і адміністратыўнага пераслед” газеты.